Імя для краіны

4 жніўня 1983 году ў Верхняй Вольце ўладу ў свае рукі ўзяў малады ўсьмешлівы капітан Тама Санкара. Дзе мы жывем? — спытаў ён перш-наперш, выйшаўшы на балькон прэзыдэнцкага палаца, перад якім застыў звыклы да зьменаў дзяржаўнага курсу народ.

«У Ўагадугу», — шапнуў на вуха прэзыдэнту дарадца. Санкара паглядзеў на яго так пагрозьліва, што той пасьпяшаўся схавацца за калёнай.

«Дзе мы жывем?» — паўтарыў прэзыдэнт, ускінуўшы аўтамат, і рэха разьнесла ягонае пытаньне па ўсёй Верхняй, а таксама Ніжняй Вольце, закрануўшы суседнія Бераг Слановай Косткі, Бэнін, Малі, Нігер, Тога і Гану.

«У Афрыцы!» — сказаў нейкі прафэсар і быў адразу ж арыштаваны.

«Дзе мы жывем?» — сказаў Санкара, і голас яго памякчэў. — «Што гэта за назва? Праўду кажуць нашы савецкія сябры: як танкер назавеш, туды ён і паплыве. Верхняя Вольта... Знаем мы гэтых вольтаў. Герцаў, Ампэраў, Ньютонаў! Усе яны былі калянізатары і імпэрыялісты. Прапаную ад сёньня называць нашу краіну Айчынай дастойных людзей! Буркіна Фасо?»

«Буркіна», — пагадзіліся дастойныя людзі і нават рэфэрэндум праводзіць ня сталі. Бо назва ім спадабалася. І савецкім сябрам таксама.

Прэзыдэнта Санкару няцяжка зразумець. У тым ліку беларусам. Бо, чаго тут хаваць, часам і ў іх узьнікае такое жаданьне: перайменаваць гэтую краіну, ды так, каб танкер паплыў куды трэба. Варыянтаў за апошняе стагодзьдзе было прыдумана шмат, ёсьць з чаго выбіраць. А праблема застаецца. Беларутэніяй назваць не дадуць. Добрая ідэя была ў Лявона Вольскага: Міларусь. Тут табе і «Мілавіца», тут і мілосьць, тут і міліцыя, якая з народам (праўда, расейцы ўсё адно будуць клікаць нас Мілоруссіей, а самыя несьвядомыя зь немцаў Liebrussland або Nettes Russland, што стварае нейкія зусім ужо непатрэбныя канатацыі). Літва занятая — і, здаецца, назаўжды. Крыўя — някепска, але латышы будуць блытацца. Назвацца ВКЛ непаліткарэктна. Бедарусь і Бананусь (і такое прыходзіла ў галаву айчынным літаратарам) — гучыць сьмешна. Дрыговія — не ахоплівае ўсяго абшару. Крэсамі — прыніжальна. Відаць, лепш за ўсё скарыстацца прыкладам буркінійцаў — як самага блізкага нам народу. Толькі Фасо ў нас будзе не Буркіна. А чыё?