Цяжкі спосаб кінуць курыць

Невядома, ці курыў бацька Джоан Роўлінг — але, так ці інакш, для яго 31 ліпеня 1965 было, пэўне ж, шчасьлівым днём, бо менавіта тады згаданая Джоан і зьявілася на сьвет. А вось для вытворцаў тытуню гэта абсалютна чорная дата — бо менавіта ў гэты дзень у Брытаніі ўвялі забарону на тэлевізыйную рэкляму цыгарэт. Наступны раз тытунёвыя вырабы зьявяцца на экранах брытанскіх зомбаскрыняў ажно праз сорак зь лішкам гадоў — у выглядзе электронных самакрутак, гэтых партатыўных прасаў, пару якіх прапануецца ўдыхаць і ўяўляць пры гэтым смалісты цыгарэтны дым. Калі фантазіі хопіць.

І пры чым тут аўтарка Гары Потэра, напрошваецца пытаньне. Ды ні пры чым. Да тэмы яна мае роўна гэткае самае дачыненьне, што і рэкляма цыгарэт да барацьбы з курэньнем. Ці сталі брытанцы курыць меней, пасьля таго як цыгарэты зьніклі з тэлевізараў? Не. Яны пачалі курыць яшчэ больш. Відаць, тытунь — гэта такі від атруты, які ўжо даўно ня мае патрэбы ў рэкляме і не залежыць ад яе капрызаў. Курца тэлевізійным вобразам цыгарэты завабліваць ня трэба — а ў таго, хто яшчэ не пачаў, і без тэлевізара хапае прыкладаў. Што да тых, хто кінуў — калі тэлевізар спакушае ізноў узяцца за цыгарэту, значыць, ня так і моцна ты хацеў пазбавіцца ад гэтай заразы. Застаюцца не-курцы. Але якая ім карысьць ад забароны цыгарэт на тэлевізіі, ёсьць таямніцай за сямю акцызнымі маркамі. Напэўна, гэтая мера дае ім пачуцьцё ўласнае значнасьці. І спакойны сон.

Брытанская забарона 1965 году зрабілася першым сур’ёзным выклікам курэньню. Першы разьдзел Вялікай Кнігі Змаганьня. Але і самыя мудрыя з курцоў не здагадваліся, што будзе далей. Ужо праз год на пачках зьявілася антытытунёвая проза, якую так цікава чытаць, бываючы за мяжой — «Курэньне забівае і іншыя прыгоды маленькага Недакурка». У 1971 тэлевізійная рэкляма цыгарэт забароненая ў ЗША, у другой палове васьмідзясятых там пачынаецца барацьба з курэньнем у самалётах. А далей... Далей вядома што. Усё пачалося з тэлевізіі — а скончылася выгнаньнем курца на маргіналіі, у рэзэрвацыі, абвяшчэньнем яго пэрсонай нон-грата паўсюль, дзе толькі можна, разарэньнем, прыніжэньнем, зьнішчэньнем. Да нас ставяцца як да небясьпечных вар’ятаў...

І слушна робяць, дарэчы. Нас бы наагул забараніць. Сьцерці зь зямнога аблічча. А замест нас павесіць паўсюдна рэкляму харошых і карысных рэчаў. Марыхуаны, напрыклад. Або эўрапіва — у якога адзін смак, дзе б ты яго ні піў. І ніякай прозы.