Марына Весялуха — пра адкрыцьці ў паэтычных перакладах

Марына Весялуха

У любым выпадку пераклад мае на мэце ўзбагачэньне літаратуры-рэцыпіента.. Сёньня зьвернем увагу на паэтычныя пераклады, якія ня проста ўзбагацілі паэзію на беларускай мове, пашырылі яе гарызонты, але і сталі сапраўдным адкрыцьцём. Адметна, што большасьць гэтых выданьняў пабачыла сьвет менавіта сёлета.


Улдыс Бэрзыньш. Салаўі крычаць, я па-латыску. Пераклад з латыскай мовы Андрэя Гуцава і Алеся Разанава. — Менск: Кнігазбор, 2013

Калі чытаеш вершы Ўлдыса Бэрзыньша, здаецца, што аўтар ведае сакрэты стварэньня сьвету. У іх — надзвычайная мудрасьць, спакой, але разам з тым і прыхаваная ўсьмешка. Сам паэт на такую заўвагу сьціпла ўсьміхаецца і кажа: «Гэта ўсё перакладчык». З Беларусьсю аўтара зьвязваюць ня толькі пераклады. Ён служыў тут у войску, мае кнігу «Паэтызм беларус» і ў цэлым прыхільна ставіцца да нашай літаратуры, нават наракае на тое, што мала сёньня выходзіць перакладаў з латыскай на беларускую і наадварот. Таму яшчэ больш шкада, што кніга паэзіі жывога клясыка, паліглёта (спадар Улдыс валодае больш як 20 мовамі), якая была падрыхтаваная ўжо некалькі год таму, пабачыла сьвет толькі цяпер. Але радасна, што яна ўсё ж выйшла, хоць і ў такім сьціплым фармаце. У вершах Улдыса Бэрзыньша новая паэтычная трыганамэтрыя. Тут, апроч звыклага эліпса, вымалёўваюцца і іншыя фігуры — конус, куб... напэўна таму аўтару надзвычай блізкая творчасьць Алеся Разанава.



Рафал Ваячак. Мёртвы сэзон. Пераклад з польскай мовы Вальжыны Морт. — Менск: Логвінаў, 2007

Ад гэтых вершаў баліць галава. Боль пульсуе ў жываце, напаўняе жалем і скрухай сэрца... Але тым ня менш іх хочацца чытаць і перачытваць. Сам-насам, удумваючыся ў кожнае слова... Чытаць услых разам з блізкім па духу чалавекам, смакаваць усе адметнасьці паэтычнай мовы польскага аўтара. Самагубца Ваячак навучыў беларускую паэзію паказваць боль — фізычны, душэўны, прыслухоўвацца да свайго цела, адчуваць пакуты і разам з тым нейкі дзіўны слодыч. Магчыма, уся справа ў чароўнасьці самога вобразу паэта-самагубцы (тут прыгадваюцца нашы Сяргей Палуян, Анатоль Сыс, амэрыканец Джэк Лондан... ) а можа ў надзвычайнай шчырасьці аўтара, уменьні казаць у вершах тое, пра што ўсе зацята маўчаць...
Сьціплая кніжачка перакладаў, выкананых выдатнай паэткай Вальжынай Морт, прапануе беларускаму чытачу многа адкрыцьцяў, сродкаў адчуваньня і адлюстраваньня болю. Больш за тое, яна выдадзена ў фармаце білінгва, што дапамагае знаёміцца і з польскім арыгіналам.

Бэўвульф. Пераклад са стараангельскай мовы Антона Францішка Брыля — Менск: З. Колас, 2013


А вось гэты твор — сапраўды выклік для перакладчыка і мовы, на якую ён перакладае. Як беларускаму чытачу паказаць адметнасьці стараангельйскага алітэрацыйнага верша? Пазнаёміць з паэмай і распавесьці надзвычай цікавы сюжэт англасаксонскага эпасу? Але, думаецца, у Антона Францішка Брыля ўсё атрымалася. Больш за тое, выданьне зьмяшчае выдатную прадмову перакладчыка, камэнтары, індэкс эпізодаў і ўстаўных аповедаў, радаводы, сьпіс літаратуры, карацей, усё тое, што прадстаўляе выдатную працу аўтара перакладу і разам з тым ператварае кнігу ў сапраўдны падручнік па «Бэўвульфу». Думаецца, можна сьцьвярджаць, што гэтае выданьне ўпэўнена прэтэндуе на званьне лепшай кнігі 2013 году. Радасна, што мы маем свой пераклад гэтага сусьветна вядомага старажытнага твора.



Ільма Ракуза. Перакрэсьліць усе. Пераклад з нямецкай мовы Ірыны Герасімовіч. — Менск: Логвінаў, 2011.

Зборнічак вершаў швэйцарскай паэткі Ільмы Ракуза паказвае нам узор выдатнага спалучэньня мінімалістычнага вэрлібра і сьціплай, але вельмі густоўнай графікі Гаральда Нэглі. Кніга пабачыла сьвет у межах культурных праграм Інстытута Гётэ ў Менску. У якасьці своеасаблівых бонусаў выданьня выступаюць яго фармат білінгва і аўдыёдадатак да кнігі. Калі казаць коратка, то гэта сучасныя (у адносінах стылю) творы і такія ж сучасныя пераклады. Вершы-прысьвячэньні Іосіфу Бродзкаму, творы-згадкі пра Марыну Цвятаеву, паэтычныя ўспаміны пра вандроўку ў Ленінград... усё надзвычай проста. Кажучы словамі самой аўтаркі, «ніякай раскошы».

Вось пра гэтую простасьць і нагадвае кніга беларускаму чытачу і пісьменьніку, кажа пра сьціпласьць, уменьне ў кароткай форме канцэнтраваць глыбокую думку, пазьбягаць лішкаў — сказаў, словаў, нават знакаў прыпынку... І яшчэ — пра рамантычныя масты і «мора, якога так не стае»...

Эдгар По. Маска чырвонае сьмерці: выбраныя навэлы, вершы, эсэ. — Менск: Кнігазбор, 2011

Кніга — своеасаблівае Эльдарада для перакладчыка. Выданьне, якое можна аднесьці да катэгорыі «must have» кожнай нацыянальнай літаратуры. І хоць большую частку гэтага ёмістага тому складаюць пераклады прозы, вершаў, што ўвайшлі ў кнігу, цалкам хапіла б на асобнае выданьне. Тым больш, што гаворка ідзе пра такога знакавага аўтара, як Эдгар Алан По. У ліку станоўчых якасьцей падборкі перакладаў вершаў можна назваць тое, што іх выканалі розныя перакладчыкі, а таксама што складальнікі выданьня не пабаяліся ўключыць у кнігу розныя паэтычныя прачытаньні адных і тых жа вершаў. Па-беларуску загучалі паэма «Тамерлан», знакамітыя «Крумкач», «Сон у сьне», «Лінор», многія іншыя вершы знакамітага амэрыканскага пісьменьніка. Думаецца, за гэта варта падзякаваць камандзе часопіса «Прайдзісьвет», а таксама шаноўнаму ўкладальніку кнігі і па сумяшчальніцтве выдатнаму перакладчыку Андрэю Хадановічу.