Затрыманьні ў Менску

За акцыю да Дня незалежнасьці затрыманыя актывісты руху «Альтэрнатыва» Алег Корбан, Вольга Бурневіч, Дзьмітрый Сільчанка і Алег Кероль. Затрыманых журналістаў — Захара Шчарбакова і Андрэя Корсака зь БелаПАНу, Сяргея Гудзіліна з «Нашай нівы» выпусьцілі з пастарунку
Сябры «Альтэрнатывы» сабраліся каля ўнівэрмагу «Беларусь» і разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі. Актывісты і журналісты, якія асьвятлялі акцыю, былі затрыманыя.

Актывісты пасьпелі паведаміць праз тэлефон, што знаходзяцца ў Партызанскім РУУС Менску.

Журналістаў неўзабаве выпусьцілі. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў фотакарэспандэнт газэты «Наша ніва» Сяргей Гудзілін.

«Нас затрымалі на мосьце, мы здымалі вывешваньне бел-чырвона-белых сьцягоў каля ўнівэрмагу „Беларусь“. Відавочна, што за намі сачылі пільна і была такая ўстаноўка, каб не было „карцінак“ з гэтага мерапрыемства. Пад’ехалі дзьве міліцэйскія машыны, там было чалавек шэсьць у цывільным. Затрыманьне прычым было ня жорсткім. Адзінае, што ў іх была здача не дапусьціць ніякіх матэрыялаў. Усе здымкі былі выдаленыя з флэшкі ў пастарунку».

Сяргей Гудзілін паведаміў, што актывісты яшчэ засталіся ў пастарунку, магчыма, на іх складаюць пратаколы.

Камэнтуючы сытуацыю Сяргей Гудзілін адзначыў:

«Гэта такое беларускае палітычнае надвор’е. Халоднае лета 2013 года».


**

27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Гэты дакумэнт стаў першым афіцыйным крокам да незалежнасьці Беларусі.

27 ліпеня было абвешчана Днём незалежнасьці Беларусі.