Пра кошты на царкоўныя паслугі

Шапік ля праваслаўнай царквы

Колькі каштуе пахрысьціць, павянчаць і пахаваць чалавека ў Беларусі? Памер фінансавых выдаткаў можа залежаць ад канфэсійнай прыналежнасьці.
Расцэнкі на сьвяточныя і жалобныя малебны, службы і абрады ў адной зь менскіх праваслаўных цэркваў пазначаныя пры ўваходзе і вагаюцца ад 10 да 800 тысяч рублёў. Найбольш распаўсюджаны абрад хрышчэньня каштуе 150–300 тысяч рублёў, вянчаньня — 600 тысяч. Малітвы ў розных патрэбах — у сярэднім каля 70 тысяч. Але гэтыя лічбы не паказальныя нават у межах Менску, кажа супрацоўніца царквы:

«Кошты могуць быць самыя розныя на ўсе гэтыя паслугі. І ў эпархіях розныя, і ў цэрквах таксама розныя. Нават на тэрыторыі Менску могуць адрозьнівацца. Калі таньней знайсьці, то можна пацікавіцца ў манастыры, там хрышчэньне было самае таннае. Калі вы клічаце бацюшку дахаты, да прыкладу, асьвяціць аўтамабіль ці кватэру, ці на пахаваньне — у самых розных патрэбах — то вы не ў царкву плаціце, а асабіста плаціце бацюшку, як можаце, паводле вашага дастатку. Звычайна бацюшкі ня кажуць, як правіла, ня кажуць пра нейкую суму — колькі далі, гэтулькі і далі».

У кіраўніцтве праваслаўнай царквы адмовіліся пракамэнтаваць парадак вызначэньня коштаў царкоўных паслуг, спаслаўшыся на занятасьць у зьвязку зь візытам у Менск неўзабаве маскоўскага патрыярха Кірыла. У каталіцкім жа касьцёле паведамілі, што пэўных тарыфаў на паслугі сьвятароў у іх няма.

Расцэнкі ў адной з праваслаўных цэркваў сталіцы


Прэсавы сакратар, ксёндз Юры Санько: «Сам Хрыстус сказаў: дарма атрымалі — дарма давайце. Гэта значыць, што тое ня нашая заслуга, каб удзяляць сакрамэнт хросту, шлюбу ці іншыя сакрамэнталіі, зьвязаныя з пахаваньнем. Чалавек можа адудзячыць сьвятару гэтулькі, колькі ён лічыць патрэбным. І тады ён складае ахвяраваньні на касьцёл і перадае сьвятару. Часта людзі пытаюцца, як гэта павінна быць, але нават у такіх выпадках сьвятар ня кажа пра нейкую суму. Я ніколі не сустракаў выпадку, каб дзесьці вялася гаворка пра нейкую пэўную стаўку. Бо гэта наш абавязак — хрысьціць, вянчаць і шлюбаваць людзей».
Я ніколі не сустракаў выпадку, каб дзесьці вялася гаворка пра нейкую пэўную стаўку. Бо гэта наш абавязак — хрысьціць, вянчаць і шлюбаваць людзей

Такія паняткі, як ахвяраваньні і складкі, вядомыя і ў пратэстантаў. Але зьбіраюцца яны выключна падчас нядзельных малітваў, кажа актывіст пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» Сяргей Луканін:

«У нас увогуле не існуе ніякіх ставак і нават ахвяраваньняў пры хросьце, вянчаньні ці пахаваньні. Калі чалавек хоча нешта ахвяраваць, то ён можа прыйсьці ў нядзелю ў царкву і зрабіць сваё ахвяраваньне. Калі, да прыкладу, ёсьць якая асаблівая патрэба, да прыкладу, малітва за аздараўленьне, то, вядома, мы молімся. Але ніякіх ставак ці ахвяраваньняў рабіць за гэта не прынята. Бо Біблія кажа: дарам атрымалі, дарам давайце».

Што думаюць пра царкоўныя тарыфы і аплату духоўных паслуг іх карыстальнікі, цікаўлюся ў наведнікаў цэркваў:

Карэспандэнтка: «Як вы лічыце, за хрышчэньне, вянчаньне ці пахаваньне павінна быць усталяваная пэўная стаўка, ці гэта павінна быць ахвяраваньне?»

Спадарыня: «Я думаю, што гэта нармальна і правільна плаціць грошы, бо сьвятары таксама людзі, яны таксама павінны атрымліваць нейкія грошы за наш кошт».

Спадар: «Я думаю, што найлепш вызначаць пэўныя лічбы. Няхай для некага яна будзе вялікая, для іншага чалавека малая. Бо для аднаго чалавека і 5 тысяч — вялікія грошы, а для іншага — занадта малыя. Таму мне падаецца, што трэба, каб была нейкая пэўная сума. Тым больш, што гэта на добрую справу».

Спадарыня: «Не, пэўна, усё ж кожны чалавек вольны зрабіць нейкі свой асабісты ўнёсак — гэтулькі, колькі ён лічыць патрэбным. Магчыма, што нейкіх пэўных ставак не павінна быць усё ж. Але што гэта павінна аплочвацца, то гэта, канечне, безумоўна».