Брусэльская зьверка гадзіньнікаў «Усходняга партнэрства»

Брусэль

Міністры замежных спраў дзяржаў ЭЗ сумесна з калегамі з шасьці дзяржаваў Усходняга партнэрства ў панядзелак у Брусэлі правялі рабочую сустрэчу. Мэта — праверыць падрыхтоўку да будучага саміту ў Вільні, дзе плянуецца істотна наблізіць да Эўразьвязу краіны з былога савецкага лягеру.

Рэпартаж з Брусэлю карэспандэнта ўкраінскай службы Радыё Свабода Віталя Вераніцы.

Кіраўнікі дыпляматычных ведамстваў краін ЭЗ з набліжэньнем саміту «Усходняга партнэрства» ў Вільні спрабуюць, так бы мовіць, зьверыць гадзіньнікі са сваімі ўкраінскімі, грузінскімі, малдаўскімі і іншымі калегамі з краін гэтай ініцыятывы. Украіну на сёньняшняй сустрэчы прадстаўляў міністар замежных справаў Леанід Кажара. Нават кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Уладзімір Макей, які ад 2010 года быў у ЭЗ пэрсонай нон-грата, пабываў у Брусэлі.

Кіраўнік МЗС Нямеччыны Гіда Вэстэрвеле выказаў меркаваньне, што без выразных пэрспэктываў супраца ЭЗ з краінамі Усходняга партнэрства ня можа быць паўнавартаснай.

Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Літвы Лінас Лінкявічус адзначыў, што ў ЭЗ сапраўды пакуль няма кансэнсусу адносна будучых пэрспэктываў для дзяржаў Усходняга партнэрства, у прыватнасьці, наконт магчымасьці іх далучэньня да Зьвязу.

«Але і для гэтага прыйдзе час. Цяпер галоўнае зрабіць працэс іх збліжэньня з ЭЗ незваротным. Для гэтага і зьбіраецца Віленскі саміт — сказаў кіраўнік літоўскага МЗС. — Украіна рухаецца ў бок ЭЗ. Хоць гэта і няпроста, але я бачу, што ў тым, што мы патрабуем, няма нічога немагчымага або невыканальнага. Праўда палягае ў тым, што (для асацыяцыі) ім трэба паказаць вынікі. Нам усім варта плённа выкарыстаць час, што застаўся да Віленскага саміту».

Калісьці, у канцы халоднай вайны ЭЗ ажыцьцявіў рашучы крок, прыцягваючы да сябе групу аслабленых новых незалежных дзяржаў. І гэта акупілася сто разоў.
Міністар замежных справаў Баўгарыі Крысьціян Вігенін ацэньвае пэрспэктывы падпісаньня Ўкраінай на саміце дамовы аб асацыяцыі даволі аптымістычна:

«Я спадзяюся, існуе добрая магчымасьць для таго, каб Украіна была здольная рушыць наперад у справе пагадненьня аб асацыяцыі і яно будзе падпісана на саміце. Галоўным чынам, усё залежыць ад саміх ўкраінцаў, ад крокаў, якія яны робяць для гэтага. Мне здаецца, што да саміту перашкоды, якія засталіся, будуць ліквідаваны».

Як адзначае ў сваім толькі што апублікаваным дасьледаваньні эўрапейскі палітычны аналітык Ніклас Каўфман, «калісьці, у канцы халоднай вайны ЭЗ ажыцьцявіў рашучы крок, прыцягваючы да сябе групу аслабленых новых незалежных дзяржаў. І гэта акупілася сто разоў. Цяпер, калі Украіна знаходзіцца паміж, з аднаго боку, усё больш пагрозьлівай Расеяй і, з другога — Брусэлем, які знаходзіцца ў летаргічным сьне, Эўропе ізноў надышоў час дзейнічаць».

Кіраўнік місіі Украіны пры ЭЗ Канстанцін Елісееў параўноўвае магчымае падпісаньне пагадненьня аб асацыяцыі з падзеньнем Бэрлінскага муру. «Гэта пагадненьне ўмацуе палітычную незалежнасьць, тэрытарыяльную цэласнасьць і сувэрэнітэт маёй краіны. Вось чаму тыя, хто супраць падпісаньня гэтага пагадненьня, выступаюць супраць незалежнай, моцнай, эўрапейскай Украіны», - кажа ўкраінскі пасол.