Ціхан Чарнякевіч — пра кнігі намінантаў на прэмію імя Францішка Аляхновіча

Ціхан Чарнякевіч

Розныя людзі, розныя кнігі, і толькі адна на ўсіх — турма.
Яна аб’яднае каго хочаш, нават самых баявітых апанэнтаў, ня толькі пісьменьнікаў. Але ў тым і справа, што ўспрымаеш іх, хто пабываў там, як нешта цэлае. Мажліва, так яно і трэба. Вось толькі кнігі паказваюць, што ў аднолькавай сытуацыі, нават такой памежна-«быкаўскай», як турэмная, людзі застаюцца самімі сабой — адметнымі ў сваіх адрозьненьнях.


Уладзімер Някляеў. Лісты да Волі
Вільня, 2011


«Лісты да Волі» — адказ Някляева сотням ананімных дабрахотаў наконт таго, якое месца ў літаратуры ён займае. Адказ, на жаль, ня ўсімі пачуты і па заслугах ацэнены, але даволі нечаканы, бо падобнай сілы экспрэсіі, якая закладзена ў цэнтральны твор кнігі — паэму «Турма» — беларуская паэзія ня ведала ўжо даўно. З другога боку, Някляеў, бясспрэчна, і тут не выходзіць за межы клясычнага вершаваньня, ды і ягоная паэма ёсьць працягам цыклу мэтафізычных дыялягічных постсымбалісцкіх паэм — ад «Маланкі» (1981) праз «Індыю» (1987-1995), «Паланэз» (1999-2000) і «Ложак для пчалы» (2003). У лірыцы падобнай экспрэсіі не прадугледжваецца, і ў «Лістах да Волі» вершы — сапраўды эпісталы-занатоўкі, прытарнаваныя да знакаў, на якіх прыпыняюцца вока і думка, хоць, на першы погляд, ня так шмат прасторы і даляглядаў дадзена вязьню. Аднак жа, калі зачыняюць далягляд, разгортваецца ўнутраны сьвет і, бадай, дзеля таго каб з’явілася ў нашай літаратуры гэтая кніжка і гэтая паэма-вяршыня, варта было совацца ня толькі ў палітычную куламесу, але куды заўгодна. Бо гэта застанецца надоўга.

Алесь Бяляцкі. Асьвечаныя беларушчынай Вільня, 2012


Можна сказаць, што Алесь Бяляцкі па-свойму палемізуе з Уладзімерам Някляевым, хоць, пэўна, ня столькі з ім самім, а з той асноўнай інтэнцыяй, якая закладаецца паэтам у сказе: «Магчыма, нехта патаемна мяне да нечага вядзе». У кнізе каталіка-Бяляцкага няма ніякай няпэўнасьці і дэтэрмінізму. Ён сам, паводле свабоднай волі, вызначае шлях і сваю мэту. Тое, што спасьцігае яго на гэтым шляху, прадугледжваецца ім загадзя, ён заўсёды гатовы несьці за гэта адказнасьць. Бяляцкі сам — творца свайго жыцьця, таму і ацэнкі яго — безапэляцыйныя і гранічна суб’ектыўныя. Мэтафізычнае, няўлоўнае адштурхоўвае яго (так скептычна адгукаецца ён пра зборнікі Ларысы Раманавай і Леры Сом). Кнігу Бяляцкага адрозьнівае яснасьць пазыцыі і яснасьць стылю: не захапляючыся літаратурнасьцю, ён тым ня менш застаецца вытанчаным стылістам, мова яго натуральная і празрыстая. Як і мэта — незалежная нацыянальная прававая дзяржава, дзеля якой ён можа дараваць усё сваім сябрам і ў якой аб’ядноўваюцца ўсе ягоныя рэфлексіі з нагоды беларускай літаратуры.


Павал Севярынец. Беларуская глыбіня
NN.BY. 2013


Кожны раз, адкрываючы новы тэкст Севярынца на сайце «Нашай Нівы», згадваю салжаніцынскую назву «Не стаіць сяло бяз праведніка». Паўлу Севярынцу (і прозьвішча адпавядае) заўсёды хочацца верыць, і гэтай верай ён умее захапіць нават цынікаў і недавяркаў. Памятаю, трапіла мне ў рукі гадоў дванаццаць таму брашурына, выдадзеная «ў бабы Валі ў падвале», зборнік нарысаў «Ды-джэй Адраджэньня» і адразу ж захапіла сваёй свабоднай радасьцю адчуваньня быцьця, беларускага быцьця. Мы перадавалі яе з рук у рукі, і я сам бачыў, як вочы абыякавых запальваліся. Цыкль «Беларуская глыбіня», напісаны на «хіміі», паказвае, як далёка Севярынец адышоў ад чыстага энтузіязму. Цяпер ён распрацоўвае падваліны нацыянальнай ідэі, спрабуе вызначыць арыентыры, па якіх лепш за ўсё, каб рухалася ў далейшым Беларусь. Сёньня, калі якая-кольвек дыдактычнасьць успрымаецца ў штыкі, ён працягвае гаварыць пра нацыю, хрысьціянства, мову. А як за гэта працягваюць шальмаваць, уціскаць і кідаць у турмы — то, можа, ня так яно яшчэ і састарэла, як здаецца?

Ігар Аліневіч. Еду ў Магадан
Масква, 2013


Тэадор Адорна гаварыў, што пісаць вершы пасьля Аўшвіца — варварства. «Еду ў Магадан» Ігара Аліневіча, думаю, узрушыла б філёсафа ня менш. Пасьля прачытаньня гэтай кнігі з’яўляеццп толькі адно жаданьне: узяць бэнзін, выйсьці на ўсім вядомае месца і спаліць сябе. Бо сорамна жыць у дзяржаве, дзе на канвэер пастаўлена такое. У той жа час адчуваеш вялікі гонар за чалавека, які ня толькі выстаяў, але і змог данесьці сьведчаньне праўды да многіх людзей, застаючыся пры гэтым за кратамі, у небясьпецы. Ігар Аліневіч разам з Міколам Статкевічам і іншымі палітвязьнямі, бясспрэчна, з’яўляецца сёньня прыкладам чалавека, якога нельга зламаць, а таксама і зьнішчыць, бо гэтым улада сама накінула б на сябе вялізную пятлю.


Аляксандар Фядута. Американские стихи
Бэрлін, 2012


«У чалавека, які напісаў гэтую кнігу, добрае сэрца», — так сказала мая мама, і, шчыра кажучы, ёй я давяраю больш, чым камэнтатару «Бенедзікту». Невялікая кніжка — эсэі, сплеценыя з вершамі — не зусім тыповая для беларускай турэмнай літаратуры, бо напісана чалавекам, схільным успрымаць усё пазытыўна. Таму нават «амэрыканскі» побыт не адымае ў яго пачуцьця гумару і ўвагі да трагікамічных выпадкаў. Некалі я праслухаў, бадай, усю, нявыдадзеную яшчэ, кнігу ў аўтарскім выкананьні і, у чарговы раз адсьмяяўшыся, спытаў: «Аляксандр Іосіфавіч, такое адчуваньне, што Вам там было весела і клясна». Ён адказаў: «Насамрэч там было вельмі [нецэнзурнае слова]. Але пісаць кнігу па-іншаму я ня мог». Можа быць і такі падыход, тут ёсьць нешта невынішчальнае, чэстэртонаўскае, з разьлікам і сьветлай надзеяй на будучыню, у якой абавязкова будзе больш чалавечнасьці, а значыць, зьнікнуць як жанр і «амэрыканскія» кнігі. Хутчэй бы ўжо.