Беларуская амбасада ў ЗША: Замарожаныя ў часе

Беларуская амбасада ў Вашынгтоне. Фота: foreignpolicy.com

Беларуская амбасада ў Вашынгтоне ўяўляе сабой затхлы асабняк з высокімi столямі, адкуль, здаецца, за вамі сочаць, што, верагодна, і не здаецца. Палавікі стаптаныя, сьвятло прыглушанае, масьнічыны скрыпяць так гучна, быццам робяць пародыю на саміх сябе. Так у амэрыканскім часопісе Foreign Policy пачынае аповед пра свой візыт у амбасаду журналіст Пітэр Садоўнік.
Галоўнае ўражаньне і мэтафара, якой карыстаецца аўтар — падарожжа ў часе, застылы час, назад у СССР. У амбасадзе тыя самыя кічавыя карціны, як падчас яго візыту ў 2005-м. Кава і печыва, той самы фотаздымак Аляксандра Лукашэнкі зь Білам Клінтанам, і часовы павераны, 42-гадовы Алег Краўчанка, паказвае мадэль Белаза — як паказвалі восем гадоў таму. Толькі гэты грузавік можа везьці аж 360 тон, і яго выстаўлялі на экспо ў Вэгасе летась.

Садоўнік, які пісаў кнігу пра жыцьцё Лі Гарві Освальда і дзеля гэта прыяжджаў у Беларусь, апісвае свае ўражаньні як падарожжа ў часе, з савецкім стандартам абслугоўваньня, чэргамі, ціхімі гарадамі — так, як ён уяўляў часы Освальда, пачатак 1960-х. Так, зьявілася мэтро, пару Макдональдсаў, прадаюць сушы па завышаных цэнах, але ўсе марудныя, усе кураць, ніхто не перабягае вуліцу. Садоўнік дадае некалькі словаў пра Аляксандра Лукашэнку, якога дыпляматы ў апублікаваных Вікілікс дэпэшах называлі «дзіўным» і «занепакоеным», пра яго сына Мікалая з залатым пісталетам, праводзіць паралелі зь фільмам «Іронія лёсу».

Садоўнік піша пра настальгію, застой, спынены час, у якім, магчыма, сьпеюць зярняты лібэралізацыі, але беларусы, на яго думку, не гатовыя змагацца за грамадзянскія свабоды. Брутальна разагнаныя пратэсты ён называе выпадковымі, і яны не мяняюць яго ацэнкі.

Сваю размову з Алегам Краўчанкам аўтар характарызуе як «паводле КДБ» — беларускі дыплямат гаварыў ня столькі пра беларуска-амэрыканскія адносіны, як пра амэрыканскія праблемы: шарагоўца Брэдлі Манінга, рух «Акупаваць Ўол-стрыт», скандал з Нацыянальнай службай бясьпекі, недастатковы дэкрэтны адпачынак, гвалт са зброяй...

Некалькі абзацаў прысьвечаны замежнай палітыцы Аляксандра Лукашэнкі, сувязям з Сырыяй, Вэнэсуэлай, Кітаем, тэхналягічным праектам у Беларусі, спробам зьмяніць імідж Менску. Але выснова Садоўніка: беларускія афіцыйныя асобы гучаць як савецкія бесьпілётнікі , а не грамадзяне сьвету.

«Мы нічога ня можа рабіць з-за ціску ЗША», — кажа на разьвітаньне Краўчанка і падкрэсьлівае, што амбасада не паддасца ніякаму ціску. І запрашае прыходзіць ізноў.

Артыкул у Foreign Policy называецца «Ледзяны палац».