Свабода ўзяла інтэрвію ў Вячаслава Бортніка, першага беларуса, які пабраўся аднаполым шлюбам у ЗША.
11 ліпеня ў Вашынгтоне беларускі праваабаронца Вячаслаў Бортнік з Гомеля узяў шлюб са сваім амэрыканскім партнэрам Шонам Гейлярдам. Абодва — актывісты міжнароднай арганізацыі «Immigration Equality», якая змагаецца за правы міжнародных аднаполых пар.
Вячаслаў Бортнік распавёў Радыё Свабода пра тое, як пазнаёміўся са сваім амэрыканскім партнэрам, якія складанасьці мусіла пераадолець іх пара і як стаўленьне да аднаполых шлюбаў адрозьніваецца ў ЗША і Беларусі.
Радыё Свабода: Вячаслаў, распавядзіце вашу гісторыю каханьня з Шонам. Як да гэтых адносінаў паставіліся родныя? Ці былі ў вас сур’ёзныя стасункі да таго, як вы сустрэлі Шона?
Вячаслаў Бортнік: «Мы пазнаёміліся з Шонам у жніўні 2003 году на вялікай канфэрэнцыі Міжнароднай Амністыі, якая адбывалася ў Мэксыцы. У той час я быў старшынём беларускай структуры гэтай арганізацыі, а Шон працаваў у яе Вашынгтонскім офісе. Калі Шон праводзіў мяне ў аэрапорт пасьля заканчэньня канфэрэнцыі, ён сказаў: „Улічваючы адлегласьць паміж нашымі краінамі, ёсьць усяго толькі адзін шанец з тысячы, што мы пабачымся зноў...“
А ўжо праз паўтара месяцы я сустракаў яго ў менскім аэрапорце. Пасьля мы бачыліся на нэўтральнай тэрыторыі — у Чэхіі і Польшчы. У красавіку 2004 года я ўпершыню паляцеў у ЗША, дзе пазнаёміўся зь сям’ёй Шона. У яго вялікая дружная сям’я — старэйшая сястра, пяць братоў і 12 пляменьнікаў і пляменьніц. Калі ўсе зьбіраюцца на сьвяты ў бацькоў у штаце Нью-Ёрк, сумна не бывае. Мяне вельмі добра прынялі, і з тых часоў я наведаў усе магчымыя амэрыканскія сямейныя сьвяты. Мае родныя збольшага паставіліся да нашых адносінаў цёпла. З тымі, з кім маглі быць непаразуменьні, мы гэтую тэму не абмяркоўвалі. Да Шона ў мяне не было сур’ёзных адносінаў. Сустракаўся, закохваўся, але не жыў ні з кім, хоць і была магчымасьць. Сам я зь 19 гадоў жыў асобна ад бацькоў».
Радыё Свабода: «Вы праваабаронца і зьяўляецеся сябрам міжнароднай арганізацыі, якая змагаецца за правы аднаполых міжнародных параў. А чым аднаполыя пары звычайныя адрозьніваюцца ад аднаполых параў міжнародных. Якія дадатковыя цяжкасьці паўстаюць перад імі?»
Вячаслаў Бортнік: «Я ў беларускім праваабарончым руху з 1995 году. Пра арганізацыю „Immigration Equality“ даведаўся тады ж, калі пазнаёміўся з Шонам. Магу сказаць, што да 26 чэрвеня гэтага году міжнародныя аднаполыя пары адрозьніваліся ад амэрыканскіх аднаполых параў наборам правоў. Я б сказаў, што ў міжнародных параў не было практычна аніякіх правоў. Напрыклад, фармальна мы з Шонам маглі б зарэгістраваць нашыя адносіны яшчэ ў сьнежні 2009 году, калі ў Акрузе Калюмбія стала магчымым гэта зрабіць. Аднак тады я б ня меў права падаваць заяву на грын-карту, таму што ўзровень іміграцыйнага заканадаўства ў ЗША фэдэральны. А на фэдэральным узроўні дзейнічаў „Акт пра абарону шлюбу“, які дазваляў шлюбы толькі паміж мужчынамі і жанчынамі. Іншымі словамі, у Акрузе Калюмбія нашы адносіны лічыліся б шлюбам, а на фэдэральным узроўні — не. У сваю чаргу, без фэдэральных іміграцыйных правоў, я б ня змог скарыстацца правамі, якія прадстаўляе Акруга Калюмбія, бо ня меў бы віду на жыхарства. З такімі праблемамі да лёсавызначальнага рашэньня Вярхоўнага Суду сутыкаліся дзясяткі тысячаў міжнародных параў у ЗША».
Радыё Свабода: «Вы былі ў ЗША 20 разоў. А ці паўставала ў Вас пытаньне падчас атрыманьня візы пра тое, куды едзеце? Як Вы тлумачылі такія частыя паездкі?»
Вячаслаў Бортнік: «Я ў Штаты заўсёды езьдзіў па дзелавой і турыстычнай візе. Свае паездкі заўсёды імкнуўся сумяшчаць з грамадзкай і праваабарончай дзейнасьцю, наведваў канфэрэнцыі, займаўся валянтэрствам у розных арганізацыях, таму ў мяне заўсёды была прахадная мэта паездкі. Ніколі асаблівых праблемаў зь візавымі службамі не было, мне шанцавала. Хоць некалькі разоў намякалі на тое, што я занадта часта езджу. Давялося мне ў Вашынгтоне і павучыцца, я там атрымаў ступень магістра ў галіне дзяржкіраваньня».
Радыё Свабода: «Дзе Вы з Шонам мяркуеце жыць цяпер? Калі ў ЗША, то як хутка Вы зможаце атрымаць там грамадзянства?»
Вячаслаў Бортнік: «Мы з Шонам плянуем жыць у Вашынгтоне, але не зьбіраемся разрываць сувязі зь Беларусьсю, таму што тут жывуць мае сваякі. Для мяне працэдура атрыманьня грамадзянства стандартная, такая ж, як і для гетэрасэксуальных параў — спачатку часовы від на жыхарства, калі шлюбу менш за 2 гады, пасьля — сталы від на жыхарства, і яшчэ праз 3 гады можна падаваць дакумэнты на атрыманьне грамадзянства. То бок, калі рабіць усё правільна і ў час, уся працэдура зойме 5 гадоў».
Радыё Свабода: «Ці думаеце ўсынавіць дзіця?»
Вячаслаў Бортнік: «Не, пра дзяцей мы пакуль ня думалі».
Радыё Свабода: «Як стаўленьне да аднаполых параў адрозьніваецца ў ЗША і Беларусі? Дзе вам больш камфортна?»
Вячаслаў Бортнік: «У Вашынгтоне чые-небудзь сэксуальная арыентацыя нікога не хвалюе, хаця і ў Злучаных Штатах ёсьць такія месцы, дзе лепш асабліва гэтай справай не бравіраваць. Шон круціцца ў вельмі прагрэсыўным асяродзьдзі: інтэлектуалы-дэмакраты, актывісты, праваабаронцы. Памятаю сваю першую паездку ў Штаты, калі Шон прадставіў мяне ў сябе на працы як свайго партнэра. Я пачырванеў, успацеў, быў гатовы скрозь зямлю праваліцца ад сораму. Але ў адказ былі толькі добразычлівыя ўсьмешкі, пацісканьні рукі і добрыя словы. Таму зразумела, што ў Штатах пачуваюся камфортней. Аднак, улічваючы той факт, што я сам пакутаваў ад унутранай гамафобіі 9 гадоў таму назад, то зусім не зьдзіўляюся некаторым нэгатыўным камэнтарам беларусаў з нагоды нашага з Шонам вясельля. Стаўленьне беларускай грамадзкасьці мяняецца вельмі хутка. Нягледзячы на тое, што ўлады спрабуюць трымаць народ у вечнай мерзлаце і дзікасьці, прагрэс бярэ сваё».