Коктыш: Лукашэнка імкнецца ўцягнуць Кітай у сваю гульню

17 ліпеня завяршаецца трохдзённы афіцыйны візыт у Кітай кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
У Пэкіне Лукашэнка і старшыня КНР Сі Цзіньпін падпісалі дэклярацыю пра ўсталяваньне паміж краінамі адносін усебаковага стратэгічнага партнэрства. Камэнтары экспэртаў да вынікаў візыту.

Кірыл Коктыш

«Падпісаньне дэклярацыі аб стратэгічным партнэрстве, безумоўна, ініцыяваў кіраўнік Беларусі, — заявіў Свабодзе дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш. — Праз гэта Лукашэнка хоча ўцягнуць Пэкін і Маскву ў гэткую самую гульню, што ўжо вядзецца вакол Беларусі паміж Брусэлем і Масквой. Таму гэтая дэклярацыя будзе вельмі скрупулёзна вывучаная расейскім кіраўніцтвам»:

«На 100% гэта будзе ўважліва адсочвацца. І выклікае нейкую перасьцярогу. Але ж менавіта гэта і ёсьць мэтай Лукашэнкі. Тады ўдасца зрабіць канкурэнцыю паміж Пэкінам і Масквой, як было дагэтуль паміж Брусэлем і Масквой. Галоўная мэта — уцягнуць расейцаў і кітайцаў у канкурэнцыю. Гэта ж звычайная беларуская тактыка.

А вось ці спрацуе яна з кітайцамі, гэта вялікае пытаньне. Бо ў іх усё ж трохтысячагадовы досьвед. І яны звычайна не сьпяшаюцца. А рэсурсаў часу ў Беларусі нашмат меней, чым у Кітаю».

У дэклярацыі запісана, што абедзьве краіны будуць заахвочваць стварэньне на сваіх тэрыторыях новых сумесных прадпрыемстваў і зборачных вытворчасьцяў, умацоўваць супрацоўніцтва ў галіне інфраструктурнага будаўніцтва, машынабудаваньня, тэлекамунікацыяў, будматэрыялаў ды ў іншых сфэрах. Некаторыя пагадненьні ўжо падпісаныя. Так, Міністэрства прамысловасьці Беларусі і карпарацыя Zhejiang Geely Holding Group дамовіліся наладзіць у Беларусі сэрыйную вытворчасьць легкавых аўто.

«Праз такія пагадненьні Беларусь уцягваюць у вельмі небясьпечную авантуру», — лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

Леанід Заіка

«У кітайцаў 150 аўтазаводаў. І, вядома, яны ўжо зарыентаваныя на тое, каб ператварыць беларусаў у кітайцаў. Гэта азначае, што ў Беларусь перанясуць адкрутачна-зборачную вытворчасьць. Адпаведна з тэорыяй і практыкай жыцьця прадуктаў у 20 стагодзьдзі вытворчасьць кампутараў, бытавой тэхнікі, машын заканчвалася ў такіх краінах, якія на той час разьвіваліся, як Кітай альбо Інданэзія. Беларускія эліты, калі б яны адсочвалі сытуацыю, павінны былі б зараз арыентавацца не на апошнюю стадыю вытворчасьці, а на першыя дзьве, калі ствараюцца новыя тэхналёгіі. А дзеля гэтага трэба арыентавацца на Эўропу і ЗША.

Аднак беларускія эліты аказаліся вельмі адсталымі.І таму супрацоўніцтва з Кітаем і трансфэр кітайскай вытворчасьці ў Беларусь нясе за сабою цывілізацыйную дзірку. І калі паглядзець, як разьвіваецца сучасны сьвет, то, на жаль, горшы варыянт цяжка сабе ўявіць».

«Кітайскія тэхналёгіі ўсё ж саступаюць тым, паводле якіх працуюць самыя вядомыя ў сьвеце фірмы», — адзначае эканаміст Леў Марголін:

Леў Марголін

«Калі браць у працэнтных адносінах, то, я думаю, гэта працэнтаў 80, а то і болей. Гэта такая танная кітайская падробка пад тавары, якія ствараюцца ў Эўропе ці Злучаных Штатах. Яны зьнешне падобныя да іх. Але адразу бачна, што гэта зусім іншая ступень якасьці.

Іншая справа, ці цікава Кітаю ствараць у нас вытворчасьці, якія былі б разьлічаныя на збыт прадукцыі ня толькі ў Беларусі, але і на Адзінай мытнай прасторы? Я думаю, у розных галінах сытуацыя розная. Але ў Беларусі ёсьць некаторыя плюсы, якіх, можа, няма ў Казахстане і Расеі. І найперш, у нас больш дысцыплінаваны і адукаваны пэрсанал на прадпрыемствах».

Таваразварот паміж Беларусьсю і Кітаем наблізіўся да трох мільярдаў даляраў. Лукашэнка хваліцца, што калісьці мы марылі пра паўмільярда. І называе цяперашні ровень «агромністым прагрэсам».

«Але гэта выключна павярхоўная ацэнка», — адзначае Леанід Заіка:

«Нашых МАЗаў мы летась прадалі ў Кітай 17 штук. Усяго 17 — на ўвесь велізарны Кітай. А калі гавораць пра мільярдныя сумы таваразвароту, то ён уключае ў сябе пераважна нашы пакупкі ў Кітаі. Кітай для нас — вялікая крама. Мы купляем там, пачынаючы ад губачак посуд мыць і заканчваючы ноўтбукамі і пляншэтамі».

Свае высновы экспэрт падмацаваў наступнымі лічбамі. За тры апошнія гады (2010–2012) экспарт беларускай прадукцыі ў Паднябесную складаў 475, 636 і 433 мільёны даляраў з агульнай сумы амаль у тры мільярды. Дык каму насамрэч выгаднае такое супрацоўніцтва?