Беларусь зьвярнулася да Італіі па Арыніча

Ларан Арыніч

Генпракуратура Беларусі накіравала ў Італію запыт аб выдачы былога гендырэктара ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» Ларана Арыніча.
Раней намесьнік генпракурора Аляксей Стук паведаміў, што Арыніч быў затрыманы ў Італіі 16 чэрвеня гэтага году. Такое паведамленьне прыйшло ў Беларусь па лініі нацыянальнага бюро Інтэрпола. Арыніч узяты пад варту. У жніўні мінулага году Арыніча знайшлі на тэрыторыі Польшчы, перадае Інтэрфакс.

Беларускі бок, паводле Стука, накіраваў Польшчы патрабаваньне аб выдачы экс-дырэктара «Пінскдрэва».

«Першапачаткова польскім бокам было прынятае рашэньне аб такой меры працэсуальнага прымусу, як нагляд паліцыі і забарона пакідаць тэрыторыю Польшчы», — паведаміў журналістам Стук. Затым, адзначыў ён, у дачыненьні да Арыніча быў ужыты хатні арышт пад заклад у 2000 злотых. «Польскі бок, дарэчы, не адказаў на наш запыт аб экстрадыцыі», — заявіў намесьнік генпракурора Беларусі.

Былы гендырэктар «Пінскдрэву» Арыніч быў затрыманы ў Польшчы ў жніўні 2012 году пасьля звароту да польскай паліцыі прадстаўнікоў Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола МУС Беларусі.

З 23 жніўня 2011 году Арыніч быў у вышуку. У канцы лютага 2011 году Генпракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненьні да Арыніча па факце пажару на фабрыцы «Пінскдрэў ДСП», дзе загінулі 14 чалавек, больш за 20 атрымалі траўмы.