Сноўдэн просіць прытулку ў Расеі

Эдвард Сноўдэн (у цэнтры) і прадстаўніца WikiLeaks Сара Гарысан (зьлева) ў часе сустрэчы з праваабаронцамі ў Шарамецьцеве.

Былы супрацоўнік ЦРУ ЗША Эдвард Сноўдэн, які абвінавачваецца на радзіме ў шпіянажы, просіць часовага прытулку ў Расіі.
Пра гэта паведамілі ўдзельнікі сустрэчы Сноўдэна з праваабаронцамі і палітыкамі ў маскоўскім аэрапорце «Шарамецьцева». Пры гэтым адзін з праваабаронцаў сказаў, што Сноўдэн не выключае свайго пераезду ў адну з лацінаамэрыканскіх краінаў.

Дэпутат Дзярждумы Расеі Вячаслаў Ніканаў, які ўдзельнічаў у сустрэчы, паведаміў, што Сноўдэн ня мае намеру надалей наносіць шкоду ЗША.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што асабістага звароту Сноўдэна з нагоды прытулку ў Крамлі пакуль не атрымлівалі, але ўмовы яго прадстаўленьня застаюцца ранейшымі — гаворка ідзе пра адмову ад нанясеньня шкоды ЗША.

Раней кіраўнік расейскага прадстаўніцтва Amnesty International Сяргей Нікіцін заявіў, што ў выпадку экстрадыцыі ў ЗША Сноўдэн можа апынуцца ў цяжкай сытуацыі, паколькі, не чакаючы рашэньня суда, амэрыканскія афіцыйныя асобы ўжо заявілі, што ён здраднік.

«Мы будзем працягваць аказваць ціск на ўрады для забесьпячэньня выкананьня ягоных правоў — гэта ўключае ў сябе неад’емнае права прасіць прытулку там, дзе ён сам выбера,» — зазначыў Сяргей Нікіцін.

Сустрэча са Сноўдэнам праходзіла ў транзытнай зоне аэрапорту ў закрытым рэжыме.

23 чэрвеня Сноўдэн прыбыў у «Шарамецьцева» з Ганконгу і ад таго часу застаецца ў транзытнай зоне аэрапорту. У пачатку чэрвеня ён абнародаваў сакрэтныя дадзеныя аб праграмах электроннага сачэньня амэрыканскіх спэцслужбаў.