Суд не прыняў непрафэсійных пратаколаў

Судовая заля

Судовае паседжаньне па адміністрацыйнай справе незалежнай журналісткі Алены Сьцяпанавай, прызначанае на 15 гадзін 12 ліпеня, не адбылося. Судзьдзя Кастрычніцкага суду Віцебску Іна Грабоўская вярнула пратакол на дапрацоўку ў міліцыю.
У пратаколе, які склаў старшы інспэктар аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі аддзелу ўнутраных спраў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску лейтэнант міліцыі Сяргей Вяракса, не пазначаныя ні месца, ні час зьдзяйсьненьня правапарушэньня, не пазначаныя сьведкі, дакумэнты, якія прыкладаюцца да пратаколу.

Суд перанесены на няпэўны час. То бок судзьдзя не прыняла дакумэнты зь міліцыі на разгляд у суд.

Журналістку Алену Сьцяпанаву вінавацяць у парушэньні заканадаўства аб СМІ. У міліцыі лічаць, што яна супрацоўнічае з замежным СМІ без акрэдытацыі.

Сьцяпанавай пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў.

Кастрычніцкі РАУС Віцебску завёў супраць Сьцяпанавай адміністратыўную справу. Міліцыянты сьцьвярджаюць, што Алена на працягу доўгага часу «ажыцьцяўляла прафэсійную дзейнасьць журналіста замежнага СМІ „Радыё Свабода“ без адпаведнай акрэдытацыі».

«У матэрыялах справы, якія перадаюцца ў суд, сярод доказаў ёсьць і такія: маўляў, міліцыянты бачылі, што я прысутнічала ў судах над актывістамі і нешта запісвала ў сваім блякноце, — кажа Сьцяпанава. — Альбо нехта бачыў, што я званю па тэлефоне і расказваю пра падзеі „нявысьветленым асобам“. З гэтага яны робяць выснову, што я супрацоўнічаю з Радыё Свабода».

Журналістка адмовіліся даваць тлумачэньні. Пры гэтым яна спаслалася на 27 артыкул Канстытуцыі, які дае чалавеку права ня сьведчыць супраць самога сябе.