Дашкевіч стварыў за кратамі «Чарвяка»

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч напісаў апавяданьне «Чарвяк». Гэта аповед пра штодзённы турэмны побыт, пра ўзаемаадносіны паміж вязьнямі і канваірамі.
«КПП-2, як і кожнае такое КПП у іншых лагерах, падзяляе жылую і працоўную зоны. Апроч камер для правапарушальнікаў, на КПП, перадусім, знаходзяцца: пакой дзяжурнага, дзе ўсталяваны электронныя прыборы кантролю калоніі; у выглядзе дзвярной рамы — металашукальнік, праз які мусяць праходзіць зэкі вяртаючыся з прамзоны. Ёсць тут яшчэ невялікі кабінецік, на сцяне яго вісіць пластыкавы макет зоны з усімі абарончымі рубяжамі: адначасова і пакой для інструктажу змены перад працаю, і перакусачная; а побач месціцца пакой для дагляду асуджаных, перад закрыццём у „стакан“. У пакоі гэтым, чамусьці, стаіць вялізны сейф.

— Што захоўваеце ў сейфе-та? — запытаў я неяк у кантралёра, каторы асабліва пільна там мяне распранаў.

— Паслядоўнасць растрэлу бандытаў пры надзвычайным становішчы, — ці тое усур’ёз, ці тое па прыколу заявіў мне даглядчык».

Чытаць далей.


«Чарвяк» — ня першы літаратурны твор Зьмітра Дашкевіча. Раней ён даслаў на волю аповеды «Крумкачы», «Гумовы тапак».

Зьміцер Дашкевіч быў затрыманы — паводле афіцыйнай вэрсіі — за хуліганства напярэдадні апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у 2010 году і асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі. Аднак у 2012 годзе выязным судом ён быў прыгавораны да яшчэ аднаго году зьняволеньня, нібыта, за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Выйсьці на волю Зьміцер Дашкевіч мае 28 жніўня 2013 году.

Дарэчы...


Беларускі ПЭН-Цэнтр і Радыё Свабода заснавалі прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зьняволеньні.

Тэматыка твораў, што могуць прэтэндаваць на прэмію, неабмежаваная. На разгляд прымаюцца дакумэнтальныя і мастацкія творы на беларускай і расейскай мовах, як апублікаваныя, так і ў выглядзе рукапісу, створаныя ў зьняволеньні і дасланыя на працягу году. Права намінацыі маюць таксама ўсе сябры ПЭН-Цэнтру.