У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня сьцьвярджаюць, што ня маюць дадзеных, колькі дакладна зьнішчана жывёлы ў рамках кампаніі, каб спыніць распаўсюд вірусу афрыканскай чумы сьвіней. Аднак пэўна вядома, што лік ідзе на многія тысячы — у шэрагу рэгіёнаў на прыватных падворках ужо не засталося ніводнай асобіны, а ў некаторых фэрмэрскіх гаспадарках сьвіней нішчаць сотнямі. Тым часам дагэтуль ня выплачана абяцаная дзяржавай кампэнсацыя вяскоўцам за панесеныя страты.
80-гадовая Ганна Булка жыве ў самым асяродку эпізаотыі — у вёсцы Чапунь Івейскага раёну Гарадзеншчыны. Прызнаецца, што кожны дзень згадвае, як забіралі яе адзінага парсючка:
«Я была ў хаце, прыехалі нейкія машыны, выйшлі людзі, прыглядаюцца. Я на вуліцу, у суседкі пытаюся: што гэта за машыны? Тая кажа, што прыехалі па сьвіней. Я зьдзівілася: па якіх сьвіней? Аказалася, па тых, якія яшчэ засталіся. Думаю, што ж рабіць? Да дачкі ў Менск патэлефанавала: так і так, забіраюць маё парасятка. Дачка супакойвае — не бядуй, мама, нічога ўжо ня вернеш. Але ж і парасятка шкада, і грошы прапалі».
Карэспандэнт: «А колькі плацілі за парасё?»
«Ня памятаю дакладна, але пэўна, што якіх 550 тысяч за аднаго парсючка. Вылажаны такі, добры. Бо сьвіньні вельмі дарагія, а маленькі дык нічога. Ну, а цяпер няма ўжо. Тады казалі, што будуць даваць за кіляграм па 16 тысяч рублёў. Але ж ужо ладна часу мінула, і нічога пакуль. Таму ня ведаю, дадуць нешта ці не, бо ні з кім асабліва не гавару, нідзе не іду, усё ў хаце сяджу».
Страты пацярпелым вяскоўцам мусіць кампэнсаваць мясцовы бюджэт. На тэрыторыях, якія трапляюць у зону карантыну, сума вызначаецца ў залежнасьці ад матэрыяльнага стану раёну — але ня больш як 20 тысяч рублёў за кіляграм жывой вагі. Зрэшты, грошай абсалютная бальшыня сьвінаводаў так і не атрымала. У Стаўпецкім раёне, дзе ліквідацыя пагалоўя набыла ці не найбольшыя маштабы, распачаць выплаты абяцалі яшчэ на мінулым тыдні, а цяпер кажуць, што пытаньне нібыта закрыюць да канца сёньняшняга дня:
«На гэтым тыдні абяцалі раздаць, але ж бачыце, ужо і чацьвер настаў, які абяцалі крайнім тэрмінам, а ніякіх спробаў няма. Казалі, што на 18–19 тысяч рублёў за кіляграм можна разьлічваць, а як урэшце будзе — хто ж яго ведае. Людзі пастаянна тэлефануюць, тузаюць. Дык яшчэ на мінулым тыдні казалі, што заплацяць, але ж нічога не далі. Прынамсі, пакуль па разьлікі нікога ў сельсавет не запрашалі».
Людзі скардзяцца, што са стратай сьвінога статка ня маюць куды падзець кармы. Як кажа спадарыня Марыя з Валожынскага раёну, з разьлікам на будучыню людзі назапасілі бульбы, камбікармоў, а цяпер хлявы апусьцелі і патрэба карміць сьвіней адпала на дзясяткі кілямэтраў навокал:
«Ну зразумела, куды ж цяпер столькі? Бывае, прыходзяць машыны, скупляюць рэшткі, але калі столькі ў людзей пазаставалася, то і кошты ніякія. Усе ў мінусе. Адзінае спадзяваньне, што недзе ж сытуацыя нармальная, яшчэ ж ня ўсе вобласьці заражаныя — можа, каму наша бульба і спатрэбіцца. Дык тут жа ня толькі бульба. Я вось трымала, здавалася, мала сьвіней, але ж хочацца, каб былі дагледжаныя. Да нас камэрсанты езьдзяць, прадаюць камбікорм, вотруб’е. Я як дурная 15 мяхоў купіла вотруб’я і 8 мяхоў па 60 кіляграмаў камбікорму. А цяпер куды ўсё гэта падзець? Грошай увярнула — за камбікорм па 100 тысяч рублёў, за вотруб’е — па 40 тысяч. Во колькі грошай патраціла, а куды падзець? Усё ж засталося».
Выглядае, што вярнуцца да сьвінагадоўлі цягам бліжэйшых гадоў будзе немагчыма. Валожынскія ўлады ўжо абвясьцілі, што прынамсі да канца 2013-га ні пра якіх сьвіней няма і размовы. Падобныя распараджэньні рыхтуюць і іншыя рэгіёны, якія трапілі ў карантынную зону.
У бестэрміновай камандзіроўцы на посьце ля вёскі Чапунь на Івейшчыне загадчык аддзелу таксыкалёгіі Гарадзенскай вэтэрынарнай лябараторыі Аляксандар Арловіч. Паводле ягоных словаў, цяжка нават прагназаваць, наколькі зацягнецца вахта:
«Проста на месцы не хапае людзей, таму мы тут. У нас стацыянарны пост, мы дзяжурым круглыя суткі, у тым ліку і ўначы, каб ніхто нічога не праносіў, не выносіў. Тым часам у 20-кілямэтровай зоне таксама працуюць людзі, робяць усыпленьне, забіраюць сьвіней — усё згодна з умовамі карантыну».
Карэспандэнт: «А куды сьвіней вывозяць?».
«На скотамагільнікі, дзе потым адбываецца іх спальваньне. Гэта на тэрыторыі раёну. Адзінае, што не скажу канкрэтна месца, трэба дазвол у вышэйстаячых органаў запытваць. Але ёсьць вызначаная тэрыторыя пад спальваньне трупаў. Ёсьць людзі, якія непасрэдна спальваюць, ёсьць адказныя за дастаўку, ёсьць адказныя за ўсыпленьне, бо ня хто папала ходзіць і ўсыпляе».
Тым часам памежныя краіны ўзмацняюць санітарныя кардоны зь Беларусьсю. Але калі Расея, Украіна, Латвія абмяжоўваюцца збольшага пільным аглядам харчовага багажу, то Літва абвясьціла пра намер адгарадзіцца ад «чумных суседзяў». Вільня просіць у Эўракамісіі 13,5 мільёна эўра дапамогі на барацьбу з афрыканскай чумой сьвіней, прычым 10 мільёнаў пойдзе на ўзьвядзеньне агароджы ад дзікай жывёлы, якая мігруе з адной краіны ў іншую.
Паводле разьлікаў літоўскіх экспэртаў, абмежаваньне вольнага перамяшчэньня дапаможа пазьбегнуць да 90% выпадкаў заражэньня — прычым, гэта тычыцца ня толькі сьвіной хваробы, але і цяжкіх формаў яшчура, які лютуе ў Расеі. На думку прадстаўнікоў літоўскага ўраду, інвэстыцыі ў супрацьбеларускую агароджу пайшлі б на карысьць усяму Эўразьвязу, бо ў выпадку распаўсюду сьвіной чумы штодзённыя страты ад ліквідацыі наступстваў будуць большыя, чым аднаразовы кошт плота.