Магніцкага пасьмяротна прызналі вінаватым

Цьвярскі суд Масквы прызнаў юрыста Сяргея Магніцкага вінаватым па справе аб нявыплаце падаткаў брытанскім фондам Hermitage Capital.
Абвінавачаньне лічыць, што Магніцкі распрацаваў схему ўхіленьня ад падаткаў на загад кіраўніка фонду Ўільяма Браўдэра, таксама прызнанага вінаватым. Шкода, нанесеная дзяржаве, сьледзтвуа ацаніла на 522 мільёны рублёў.

Сяргей Магніцкі памёр у СІЗА ў лістападзе 2009 году. Ён неаднаразова скардзіўся на дрэннае самаадчуваньне.

Паводле вэрсіі Браўдэра, юрыст Hermitage стаў ахвярай злачыннай групы, якая ўключае ў сябе высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў.

Вынікі расьсьледаваньня сьмерці Магніцкага, праведзенага фондам Hermitage Capital, былі прызнаныя заходнімі краінамі. Злучаныя Штаты стварылі так званы «сьпіс Магніцкага» — дакумэнт, дзе сабраныя прозьвішчы асобаў, якія маюць дачыненьне, як лічаць у фондзе Hermitage Capital, да сьмерці юрыста.