У Расеі спрабавалі падпаліць кафэ, дзе зьбіраюцца каўказцы

Мітынг у Пугачове пасьля забойства мясцовага жыхара.

У горадзе Пугачоў у Саратаўскай вобласьці, дзе адбыліся хваляваньні пасьля забойства 6 ліпеня мясцовага жыхара падлеткам – выхадцам з Чачні, паліцыя спыніла спробу падпаліць кафэ, дзе часта зьбіраюцца выхадцы з Каўказу.
У панядзелак некалькі соцень чалавек правялі ў Пугачове несанкцыянаваны мітынг каля раённай адміністрацыі з патрабаваньнем выселіць з гораду ўсіх каўказцаў. На нейкі час каля 350 чалавек перакрылі трасу Самара-Саратаў.

Як паведамляе агенцтва "Интерфакс", позна ўвечары натоўп прыкладна з 100 чалавек накіраваўся да кафэ «Халяль», гучалі заклікі падпаліць кафэ. Супрацоўнікі паліцыі нібыта пераканалі людзей не рабіць самасуду.