У Кітаі былы міністар асуджаны да сьмяротнага пакараньня

Былы міністар чыгунак Кітаю Лю Чжыцзюнь асуджаны да сьмяротнага пакараньня з адтэрміноўкай прысуду.
На судзе экс-міністра прызналі вінаватым у карупцыі і злоўжываньні ўладай.

У мінулым годзе Лю Чжыцзюнь быў адхілены ад сваёй пасады і пазьней выключаны з Кампартыі Кітаю.

Падчас працы міністрам ён браў велізарныя хабары і аддаваў выгадныя кантракты сваім знаёмым. Сума незаконна атрыманых ім выплат за 25 гадоў дасягнула 10 млн даляраў.

Лю Чжыцзюня жорстка крытыкавалі пасьля таго, як у 2011 годзе ў выніку сутыкненьня хуткасных цягнікоў у Кітаі загінулі 40 чалавек.

Гэта самы высокапастаўлены чыноўнік, прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці пасьля разгорнутай новым кітайскім кіраўніцтвам кампаніі па барацьбе з карупцыяй, перадае ВВС.

Нягледзячы на суровы прысуд, былы міністар ня будзе пакараны сьмерцю, бо сьмяротнае пакараньне з адтэрміноўкай звычайна замяняецца ў Кітаі пажыцьцёвым зьняволеньнем.