Лекары рэкамэндуюць «адключыць» Мандэлу

Дачка Нэльсана Мандэлы размаўляе па тэлефоне падчас заключнай часткі суду пра перазахаваньне парэшткаў іншых дзяцей Мандэлы

Лекары рэкамэндавалі сваякам былога прэзыдэнта ПАР Нэльсана Мандэлы, шпіталізаванага ў мінулым месяцы, адключыць яго ад сыстэмы жыцьцезабесьпячэньня.
Пра гэта гаворыцца ў судовых дакумэнтах, якія апынуліся ў распараджэньні агенцтва France-Presse і якія датуюцца 26 чэрвеня. Паводле зьмешчаных у паперах зьвестках, Мандэла знаходзіцца ў вэгетатыўным стане і жыве толькі дзякуючы апаратам.

Цяперашні прэзыдэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Джэйкаб Зума, які наведаў 94-гадовага Мандэлу ў шпіталі ў Прэторыі, заявіў у чацьвер, што стан экс-кіраўніка дзяржавы застаецца «крытычным, але стабільным».

Дакумэнты, на якія спасылаецца France-Presse, зьвязаныя зь сямейным разьбіральніцтвам пра перапахаваньне парэшткаў трох дзяцей Мандэлы.