Літаратура — гэта яшчэ і каляндар: летазьлічэньне ў тэкстах, ад нараджэньня першай літары да апошняй кропкі, якую ня ўбачыш за сонечным сёньня. Ці, можа, дакладней — гэта календары, цэлы стос календароў, дзе ўжо не разьбярэш, які зь іх наш, а які — іхны, таму бяры любы, ніхто не пакрыўдзіцца. У іх ёсьць Блумсдэй — а ў нас... Ну, напрыклад, 10 лютага 1960 закаханы ў Ніну Молеву Караткевіч сеў і напісаў свой верш «Сьнягір». Кажуць, Ніна Молева беларушчынай не пераймалася — зусім як Нора Джойс творчасьцю мужа. Але ёсьць у іх і яшчэ адзін вялікі дзень, амаль што роўны паводле сваёй значнасьці Блумсдэю — і які з поўным правам мог бы лічыцца нашым. Хаця б таму, што «Краіна цудаў» — гэта пра нас: цяжка знайсьці больш беларускую кнігу сярод замежных.
«Пагодны ранкам залатым
Плывём мы на чаўне.
Дзяўчатак тройца спакваля
Вяслуе ля мяне...
...Няўмольныя! У гэткі час,
У млосную сьпякоту
Давай ім казку выдумляй —
Прыдумалі работу...»
Прыкладна так яно і было — як у гэтым перакладзе Макса Шчура. 4 ліпеня 1862 году Чарлз Доджсан са сваім прыяцелем Робінсанам Дакўортам каталіся ў лодцы па Тэмзе — а дакладней, каталі трох дачок віцэ-канцлера ўнівэрсытэту Оксфарду: трынаццацігадовую Ларыну Лідэл, васьмігадовую Эмі Лідэл і — яе, дзесяцігадовую Эліс Лідэл, тую самую дзяўчынку, якая, як у казцы, ператварылася ў сусьветна вядомую Алісу, што ў перакладзе зрабілася Алесяй, і з таго дня пачала жыць нібыта ў двух вымярэньнях.
Больш Эліс Лідэл, уласна кажучы, не зрабіла нічога, каб увайсьці ў гісторыю — ні Брытаніі, ні літаратуры; яна проста папрасіла Чарлза Доджсана: раскажы нам гісторыю! А літаратуры, па вялікім рахунку, больш нічога і ня трэба. Раскажы — і ён пачаў расказваць. Спачатку павольна, падбіраючы словы, а потым, нібы ўваходзячы ў нейкі транс, ня здольны спыніцца, часам назіраючы за сабой нібыта аднекуль збоку — і ў пэўныя моманты з заміраньнем сэрца жахаючыся, што ж ён такое вярзе. Але тое, што вёрз Доджсан, дзяўчаткам падабалася. І толькі Робін Дакўорт раз —пораз паглядаў на сябра зь неўразуменьнем: ці не перагінае ён палку-вясло ў сваім няўрымсьлівым трызьненьні? Урэшце гэта ж усяго толькі дзеці!
Так зьявілася на сьвет гэтая Кніга непаслухмяных сьцежак. Борхес для дзяцей. Дзе ўсё ўмоўна — нават зло. Першы ўрок тэорыі імавернасьці — і неверагоднасьці. Ці не падкажаце вы, кудою адсюль ісьці?
«Гэта залежыць ад таго, куды ты хочаш патрапіць, — сказаў Кот.
Ды мне, бадай што, бяз розьніцы, — разважыла Алеся.
Тады ўсё роўна, кудою, — сказаў Кот.
...калі я толькі куды патраплю, — патлумачыла Алеся.
Куды-небудзь пэўне патрапіш, — запэўніў яе Кот. — Толькі калі будзеш ісьці досыць доўга».
І мы ідзем. Прастуем наперад. Праспэкты, парады, празьнікі. Пераможцы. Прамовы. Адпрасаваныя працоўныя. Тут, у гэтай краіне цудаў, таксама часам дастаткова прамовіць:
«Ды каму вы патрэбныя? Вы ж усяго толькі калода картаў!»
і сон скончыцца.