Ці дапаможа Лукашэнку ў кібэрвайне Вялікі кітайскі фаервол?

«Гаворка пра Вялікі Кітайскім фаервол як пра панацэю — гэта ўсяго толькі эксплюатацыя некампэтэнтнасьці Лукашэнкі ў пытаньні і чарговая спроба адтэрмінаваць разнос за ўласную бязьдзейнасьць і імпатэнтнасьць», — мяркуе экспэрт у інтэрвію Свабодзе
Учора, выступаючы на ўрачыстым сходзе з нагоды афіцыйнага сьвята Дзень Рэспублікі, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка казаў пра небясьпеку «спробаў заснаваць усясьветную электронную дыктатуру» і пра жаданьне ўзмацніць супрацоўніцтва з Кітаем, каб абараняць кібэрпрастору Беларусі.

Ацэнку пагрозы і пэрспэктыву паглыбленьня супрацы з Кітаем у сфэры інфармацыйнай бясьпекі Радыё Свабода папрасіла пракамэнтаваць кіраўніка кампаніі Akavita Фёдара Караленку.

Караленка: Гэта звычайнае, ў прынцыпе нармальнае жаданьне любога кіраўніка любой краіны кантраляваць інфармацыйную прастору. Амэрыканцы кантралююць сваю інфармацыйную прастору, сваіх грамадзянаў, нядаўна Абама падпісаў закон, які дазваляе кантраляваць электронную пошту амэрыканцаў. Тое самае ў нас хочуць зрабіць, тое самае — у Кітаі. Я ня бачу тут нічога новага і экстраардынарнага.

РС: Лукашэнка казаў ня столькі пра тое, што ён хоча кантраляваць беларускую кібэрпрастору, а пра тое, як яе абараніць ад спробаў іншых кантраляваць яе. Самая гучная з выкрытых Сноўдэнам праграмаў PRISM — яна не на амэрыканцаў скіраваная, а на замежнікаў, магчыма, ў тым ліку і на беларусаў. Наколькі гэта стварае пагрозу для Беларусі?

Караленка: Што значыць абараніць прастору ад амэрыканцаў? Каб яны вірусы не пісалі ці што? Усё, што ёсьць у адкрытым доступе, ўсё даступна. Усё, чаго няма ў адкрытым доступе — ня будзе. Я наагул не разумею гэтай шуміхі і лічу, што гэта проста дадатковая нагода, каб паставіць дадатковае абсталяваньне і кантраляваць менавіта сваіх грамадзянаў. Засьцерагчыся ад замежнікаў...Як? Усё новыя тэхналёгіі ў гэтай галіне ўсё роўна вынаходзяцца ў Амэрыцы. Але хай змагаюцца.

РС: Калі браць досьвед розных краін менавіта ў абароне інфармацыі, хто лічыцца самым прасунутым?

Фёдар Караленка

Караленка: Тут хутчэй не краіны, а пэўныя арганізацыі. У ведамствах, якія маюць такія сакрэты, кампутары наагул не падлучаныя да інтэрнэту, а працуюць па ўнутранай лякальнай сетцы. Адтуль у прынцыпе немагчыма звонку нічога скрасьці, якія б хто файерволы ні выдумляў. А калі арганізавана гэта абы як — гэта не праблема тэхналёгій, гэта праблема людзей, якія кіруюць гэтым працэсам. Але ў суперсакрэтных ведамствах можна скрасьці сакрэты праз чалавечы фактар. Нехта занясе вірус, які, скажам, будзе счытваць націскі на клавішы і скрадзе паролі. Самая вялікая небясьпека тут — не ў хакерах, а ў пэрсанале, ў людзях, якія могуць ня тое націснуць, ня тое ўнесьці, ці проста мець кепскі настрой, як той супрацоўнік менскага тэлебачаньня, які запусьціў у эфір порна. Вось гэта самае слабае месца.


Выказваньні кіраўніка дзяржавы наконт пагрозаў «усясьветнай электронай дыктатуры» мы таксама папрасілі пракамэнтаваць яшчэ аднаго экспэрта па інфармацыйнай бясьпецы, які даў інтэрвію на ўмовах ананімнасьці.

РС: Наколькі вялікая пагроза інфармацыйнай бясьпецы Беларусі ад спецслужбаў іншых дзяржаў і ад хакераў?

Экспэрт: Што тычыцца пагрозы ад дзяржструктур замежнай дзяржавы, то асноўная небясьпека — уцечка спэцыялізаванай інфармацыі. А паколькі асноўныя распрацоўшчыкі праграмнага і апаратнага забеспячэньня — за мяжой, з гэтым прыходзіцца альбо мірыцца, альбо будаваць цалкам ізаляваныя сеткі для апрацоўкі спэцыялізаванай інфармацыі. Пагроза ад хакераў больш сур’ёзная. Пару гадоў таму адно такі юны талент захапіў кіраваньне стрэлкамі на трамвайных шляхах ў Чэхіі. У Беларусі гадоў 15 у выніку заражэньня вірусам была значна пашкоджаная база дадзеных мэдычнай інфармацыі па ліквідатарах аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Хакеры — гэта ў першую чаргу пагроза тэхнагенных катастроф.

РС: Наколькі высокі ўзровень абароны ў РБ? Наколькі Кітай тут ўзор?

Экспэрт: Што тычыцца Вялікага Кітайскага файрвола — трэба быць Кітаем, каб Google, напрыклад, адмовіўся індэксаваць старонкі з пэўнай інфармацыяй. Калі ў цябе няма такога патэнцыялу, як у Кітая, у тым ліку эканамічнага, усе гэтыя фільтры — ня больш чым прапагандысцкі шум, выкінутыя грошы і выдаткі на паперу, на якой будуць надрукаваныя даклады ідэолягаў на чале дзяржавы аб праведзенай працы.

Многія блытаюць паняцьці інфармацыйнай бясьпекі і інфармацыйных войнаў. У тых словах кіраўніка дзяржавы, што мне трапіліся на вочы, я так і не зразумеў, пра што менавіта ідзе гаворка. Сапраўды гэтак жа і ў Вашым пытаньні. Першыя два пункты — гэта інфармацыйная бясьпека. Што тычыцца Вялікага Кітайскага фаервола — гэта элемэнт інфармацыйных войнаў, у першую чаргу — элемэнт абароны. Дык вось, каб выйграць інфармацыйную вайну, ну ці прынамсі — не прайграць, то трэба, па-першае, мець сваю ўласную інфармацыю пазытыўнага характару, па-другое — даносіць яе да людзей. А выключна на ачарненьні ідэалягічных праціўнікаў, распаўсюдзе нэгатыўнай інфармацыі пра іх і аспрэчваньні ўсяго сказанага імі яшчэ ніхто ніколі інфармацыйную вайну не выйграў. Спроба з боку прапагандысцкай машыны ўліць у вушы кіраўніку дзяржавы ідэю аб Вялікім Кітайскім фаерволе калі не пра як панацэю, то хоць бы як пра галоўны калібр інфармацыйных войнаў — гэта ўсяго толькі эксплюатацыя некампэтэнтнасьці кіраўніка дзяржавы ў дадзеным пытаньні і чарговая спроба адтэрмінаваць разнос за ўласную бязьдзейнасьць і імпатэнтнасьць.