Свой адказ на гэтае пытаньне прапануе аглядальнік The New York Times Томас Фрыдман.
Чаму мы бачым там шмат народных паўстаньняў у краінах, дзе ёсьць дэмакратыя? — цытуе Фрыдман пытаньне з артыкулу былога аналітыка ЦРУ, апублікаванага ў The National Interest.
Былы выведнік мае на ўвазе найперш Турэччыну і Эгіпет, але пытаньне, адзначае Фрыдман, можа быць зададзенае таксама наконт Эгіпту, Ізраілю, Расеі, Чылі і ЗША. Калі ўрад можа быць зьменены праз выбарчую скрыню, калі ён абраны свабодна і дэмакратычна, навошта выходзіць на вуліцу?
Аглядальнік The New York Times называе тры прычыны гэтага.
Па-першае, гэта распаўсюд нелібэральных «мажарытарнах» дэмакратый. У Расеі, Турэччыне і Эгіпце адбываліся масавыя пратэсты супраць «мажарытарызму» кіроўнай палітычнай сілы.
Яна была дэмакратычна абраная ( «нібы дэмакратычна» ў Расеі), але інтэрпрэтавала вынікі выбараў, як права рабіць усё, што яны хочуць, пасьля прыходу да ўлады — не зьвяртаць увагі на меркаваньне апазыцыі, ціснуць друк, нібы дэмакратыя — гэта адно права голасу, а не сукупнасьць усіх правоў, у тым ліку і права меншасьці.
Акцыі прэтэсту у Турэччыне, Расеі і Эгіпце маюць супольным пачуцьцем абурэньне супраць «крадзяжу». Але людзі адчуваюць, што ўлады крадуць нешта большае, чым грошы — яны крадуць права на ўдзел у кіраваньні.
Эгіпэцкі сатырык Басэм Юсэф напісаў у першую гадавіну прыходу да ўлады прэзыдэнта Махамада Мурсі: «Мы маем прэзыдэнта, які абяцаў роўнае прадстаўніцтва, але расставіў чальцоў сваёй партыі „Браты-мусульмане“ на ўсе пазыцыі ва ўладзе. Мы маем прэзыдэнта і партыю, якія парушылі ўсе свае абяцаньні і ў нас няма іншага выйсьця, акрамя як выходзіць на вуліцу».
Другі фактар — своеасаблівыя абцугі паміж скарачэньнем сацыяльных гарантый з боку дзяржавы і больш патрабавальным рынкам працы. Шмат гадоў працаўнікі ведалі — калі ты будзеш шмат працаваць і ўсё рабіць паводле правілаў, ты трапіш у сярэднюю клясу. У нашае стагодзьдзе глябалізацыі, каб трапіць туды, трэба працаваць творча, часьцей паляпшаць кваліфікацыю, рабіць інавацыі. Пры гэтым мала палітыкаў, якія б дапамагалі людзям зарыентавацца ў гэтым новым сьвеце. Многія палітычныя сілы сёньня зацікаўленыя адно ў тым, каб абараніцца ад зьменаў, а ня весьці грамадзтва насустрач выклікам. У такіх краінах, як Турэччына, Бразілія, Расея, фармальная апазыцыя бездапаможная. І таму людзі выходзяць на вуліцы, ўтвараючы ўласную апазыцыю.
У ЗША рух піцьця гарбаты паўстаў, як пратэст супраць рэспубліканцаў за вялікі бюджэтны дэфіцыт, а рух «Акупуй Уол-Стрыт» — як пратэст супраць дэмакратаў за тое, што яны занадта патураюць банкірам. У Бразыліі павялічэньне тарыфу на праезд у грамадзкім транспарце на 9 цэнтаў спарадзіў масавыя пратэсты таму, што гэтая дробная эканомія адбывалася на фоне марнаваньня 30 мільярдаў даляраў. Як напісаў адзін бразыльскі аглядальнік: «Бразыльцы адчуваюць, што іх абраныя прадстаўнікі на розных узроўнях насамрэч не прадстаўляюць іх, асабліва таму, што баяцца прымаць рашэньні».
"Дыстанцыя паміж крыўдай і дзеяньнем у нашым сьвеце істотна зьменшылася".
Такім чынам, аўтарытарызм, самаўладзьдзе ў наш час менш устойлівае, чым калі-небудзь, дэмакратыя больш распаўсюджаная, чым калі-небудзь. Але ў сваю чаргу і дэмакратыя цяпер менш устойлівая, чым калі-небудзь.