Пытаньні і адказы пра старшынства Літвы ў Эўразьвязе

З 1 ліпеня наш бліжэйшы сусед Літва пачынае старшыняваць ў Эўрапейскім зьвязе. Што гэта значыць для Эўразьвяза, Літвы і Беларусі — у пытаньнях і адказах.
Што такое Эўразьвяз?

Эўрапейскі Зьвяз (Эўразьвяз, ЭЗ) — эканамічнае і палітычнае аб’яднаньне 28 эўрапейскіх краін (ад 1 ліпеня 2013 году да іх дадалася Харватыя). Зьвяз быў юрыдычны замацаваны дамовай у Маастрыхце ў 1992 годзе, якая набыла моц 1 лістапада 1993 году. На тэрыторыі ЭЗ пражывае каля паўмільярда чалавек.


Як старшынююць у Эўразьвязе?

Краіны-удзельніцы ЭЗ старшынююць па чарзе цягам паловы года. Ад 1 ліпеня 2013 году кіраўніцтва надышло да Літвы. Перад гэтым старшынявала Ірляндыя. Ад 1студзеня 2014 году старшыняваць будзе Грэцыя. Таму апэратыўныя праблемы ЭЗ часам вырашаюцца і ў фармаце так званай «тройкі» — папярэдні старшыня, дзейны і будучы.


Калі Літва зноў будзе старшыняваць у Эўразьвязе?

Зыходзячы з рэглямэнту старшынства, літоўцы падлічылі, што наступным разам яны будуць на чале ЭЗ гадоў праз 15.


Якія паўнамоцтвы Літвы як старшыні Эўразьвязу?

Літва будзе адказваць за дзейнасьць Рады Эўрапейскага зьвязу, прадстаўляць яе на перамовах з Эўрапейскай камісіяй і Эўрапейскім парлямэнтам і прэзэнтаваць пазыцыю ЭЗ у дачыненьнях з трэцімі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі.


Якія прыярытэты Літвы пад час старшынства?

Падчас свайго старшынства Літва вызначыла чатыры галоўныя накірункі сваёй працы:
— энэргетычная бясьпека,
— умацаваньне дзяржаўных межаў,
— стратэгія Балтыйскага мора,
— Усходняе партнэрства.


Колькі эўрапейскіх мерапрыемстваў правядзе Літва пад час старшынства?

Падчас свайго старшынства Літва заплянавала правесьці 180 розных мерапрыемстваў. Гэта азначае, што ў сярэднім адбудзецца па адной падзеі штодня. Аднак бальшыня зь іх пройдзе ў Брусэлі. Гэта зьвязана з двума рэчамі. Па-першае, бальшыня падзеяў фінансуецца выключна за эўрапейскія грошы. Па-другое, зь невялікімі памерамі Вільні і складанасьцямі ў прыняцьці вялікай аўдыторыі гледачоў і ўдзельнікаў разнастайных імпрэзаў. У самсой Літве чакаецца каля 30 000 гасьцей.


Каго запросяць на саміт Ўсходняга партнэрства?

28-29 лістапада ў Вільні пройдзе трэці саміт Усходняга партнэрства Эўразьвязу. Такія сустрэчы ўжо праходзілі ў Празе і Варшаве. Літоўцы кажуць, што сёлета будуць пэўныя праблемы з запрашэньнем кіраўнікоў дзьвюх краінаў — Беларусі і Грузіі. Да пытаньня Аляксандра Лукашэнкі дадаецца і пытаньне Міхаіла Саакашвілі. Справа ў тым, што саміт пройдзе ў дні, калі ў Грузіі ўжо пройдуць прэзыдэнцкія выбары, аднак яшчэ не адбудзецца інаўгурацыя новага кіраўніка дзяржавы (Саакашвілі ня мае права балятавацца на гэтых выбарах трэці раз запар).