У Пецярбургу затрыманыя ЛГБТ-актывісты

Удзельнікі акцыі "Дзень пацалункаў" каля Дзяржаўнай думы Расеі, 11 чэрвеня 2013 г.

Сёньня ў Пецярбургу паліцыя затрымала некалькі дзесяткаў удзельнікаў мітынгу ў абарону правоў сэксуальных меншасьцяў.
Актывісты адмовіліся пакінуць месца правядзеньня акцыі. Іх даставілі ў аддзяленьне паліцыі. Яшчэ восем чалавек затрыманыя за парушэньне грамадзкага парадку.

Па дадзеных МУС, пры затрыманьні пацярпелі два супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Як паведамляе Інтэрфакс, на Марсавым поле сабраліся некалькі дзесяткаў ЛГБТ-актывістаў, а таксама больш за сто іх апанэнтаў. Дэманстранты трымалі плякаты з крытыкай закону аб забароне гей-прапаганды сярод непаўнагадовых. Праціўнікі ЛГБТ-руху кідалі ў мітынгоўцаў фаеры і дымавыя шашкі. Паводле інфармацыі МУС, акцыя была прызнаная ўладамі незаконнай - за парушэньне закону аб гей-прапагандзе.