Пракурор просіць для Гайдукова 2 гады зьняволеньня

Андрэй Гайдукоў

Абвінавачваньне Андрэю Гайдукову перакваліфікаванае.
Пракурор просіць 2 гады пазбаўленьня волі.

Пра гэта паведаміў журналістам генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк. На які артыкул перакваліфікаванае абвінавачваньне, ён не удакладніў.


«Шпіёнская» справа


Раней Андрэя Гайдукова вінавацілі ў зборы інфармацыі для замежных спэцслужбаў. Матэрыялы крымінальнай справы падсуднага складаюць 4 тамы.

23-гадоваму апэратару наваполацкага «Нафтану» пагражала ад 7 да 15 гадоў зьняволеньня.

Справу за зачыненымі дзьвярыма разглядае судзьдзя Галіна Ўрбановіч.

Андрэй Гайдукоў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 8 лістапада 2012 году ў Віцебску, нібыта падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, цікавымі для замежных спэцслужбаў. З тае пары ён застаецца пад вартай.

Родныя і сябры ня вераць, што ён займаўся шпіянажам, і тлумачаць ціск з боку КДБ апазыцыйнымі поглядамі хлопца і яго імкненьнем стварыць міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Саюз маладых інтэлектуалаў».