Магілёўскія бізнэсоўцы: «Мы закладнікі Мытнага зьвязу»

Пусты «Віленскі» рынак у Магілёве

27 чэрвеня ў Магілёве не працавалі рэчавыя рынкі і гандлёвыя цэнтры. Гандляры адзеньнем і абуткам падтрымалі аднадзённы агульнанацыянальны страйк супраць увядзеньня сэртыфікацыі якасьці на тавары, прадугледжанай Тэхнічным рэглямэнтам Мытнага зьвязу. Бізнэсоўцы спадзяюцца, што акцыя пратэсту паўплывае на пазыцыю беларускіх уладаў што да абароны мясцовага бізнэсу.

Your browser doesn’t support HTML5

Магілёўскія бізнэсоўцы-страйкоўцы: «Мы закладнікі Мытнага зьвязу»


Рэчавыя рынкі і гандлёвыя цэнтры сустрэлі сёньня пакупнікоў зачыненымі павільёнамі. Сваю незадаволенасьць бізнэсоўцы выказвалі журналістам.

Прадпрымальніца з гандлёвага цэнтру «Магніт»: «Бастуем за адмену сэртыфікатаў, якія мы ня ў стане зрабіць. Будзем чакаць, што ўлады скажуць».

Бізнэсоўка зь Віленскага рынку: «Сюды прыходзяць людзі незаможныя. Ім ня трэба гэтая байка за 180 даляраў ад Кардэна. Ён хоча купіць за 50 тысяч, бо ён атрымлівае 2 мільёны. Калі я заплачу за сэртыфікат 1 мільён 200 тысяч на тыя ж штаны, то яны будуць каштаваць 100 даляраў. Ці купіць звычайны чалавек іх? Не, вядома ж».

Бізнэсоўкі з Грабянёўскага рынку: «Нашы спажыўцы ня ў стане рабіць дарагія набыткі, бо грошы яны атрымліваюць невялікія. Мы ўзаемазьвязаныя. Найперш пацярпяць простыя людзі ад гэтага. Я не разумею, чаму гэта кладзецца на нашы плечы?»

Бізнэсоўка зь Віленскага рынку: «Напісана — штраф 5 мільёнаў на першы раз. Канфіскацыя тавару. А далей што? Усе стаяць — трасуцца. Нэрвовая абстаноўка на рынку. Кожны пільнуе, дзе падаткоўцы. Гэта што такое за стаўленьне да людзей? А ў Расеі мараторый на праверкі».

Карэспандэнт: «Вы правялі акцыю пратэсту. Што заўтра, што пасьлязаўтра?»

Бізнэсоўка зь Віленскага рынку: «Наагул мы чакаем вынікаў зь Менску. Там павінны такія пытаньні вырашаць. У іх там кіраўніцтва і ўсё астатняе. Ну, а што далей будзе? Прыходзьце пасьля 1 чысла, будзем гаварыць па-новаму».

Карэспандэнт: «Мытны зьвяз на дадзены момант — ці ён перашкода для разьвіцьця беларускага рынку? Ён „плюс“ ці „мінус“?»

Бізнэсоўка зь Віленскага рынку: «Больш „мінус“, бо мы ня можам выканаць усе правілы. Мы ж дробныя прадпрымальнікі. У нас няроўныя ўмовы. Чаму расейцаў ніхто не чапае, а ўсё пачынаецца зь Беларусі? Так, мы закладнікі сытуацыі. Ніхто з намі ня будзе размаўляць, бо нікому мы не цікавыя. Зачыніцеся вы ці не — усё будзе рашацца на працягу месяца».

Карэспандэнт: «Дык, можа, улада зацікаўленая, каб вы папросту зьніклі?»

Бізнэсоўкі зь Віленскага рынку: «Дык вось трэба запытацца ў іх. Яны ж да нас не ідуць. Мы сабраліся вось тут — хоць адзін прадстаўнік гарвыканкаму ці ёсьць? Яны атрымліваюць заробкі зь бюджэтаў, у якія мы плацім грошы. Яны павінны ісьці нам насустрач. Мы чакаем ад дзяржавы нейкіх крокаў. Нашы падаткі немалыя. Калі нашы грошы не патрэбныя, то дайце нам дапамогу па беспрацоўі, каб мы жылі».

Бізнэсоўкі з Грабянёўскага рынку: «Мы падалі нулявыя дэклярацыі. Ад 1 ліпеня мы падаткі ня плацім. І пакуль нам ня пойдуць на саступкі, мы іх плаціць ня будзем, ну й працаваць, вядома ж, ня будзем. Ну а што рабіць?»