ЗША працягваюць дамагаюцца экстрадыцыі Сноўдэна

Белы дом заклікае Расею выдаць Эдварда Сноўдэна.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін пацьвердзіў, што Сноўдэн быў у транзытнай зоне маскоўскага аэрапорту. Пуцін выключыў, што Сноўдэна перададуць ЗША.

Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Патрык Вэнтрэл прызнаў, што паміж ЗША і Расеяй няма дамовы пра экстрадыцыю. Але Вэнтрэл кажа, што ёсьць «выразная прававая падстава», каб выдаць былога супрацоўніка ЦРУ і АНБ — супраць яго выстаўленыя абвінавачваньні і ягоны пашпарт больш несапраўдны.

У Злучаных Штатах Амэрыкі Эдварду Сноўдэну завочна выставілі абвінавачваньне ў выкраданьні маёмасьці дзяржавы, наўмысным разгалошваньні сакрэтных зьвестак і незаконнай перадачы абароннай інфармацыі. Па кожным з гэтых абвінавачваньняў яму пагражае да 10 гадоў зьняволеньня.

Сноўдэн зьбег у Ганконг пасьля сваіх выкрыцьцяў у прэсе пра таемныя праграмы сачэньня амэрыканскіх уладаў, у прыватнасьці, па дадзеных аб тэлефонных размовах празь сеткі прынамсі адной з найбуйнейшых тэлефонных кампаній у ЗША, а таксама за дзеяньнямі ў інтэрнэце, якія ажыцьцяўляюцца празь сеткі дзевяці буйных інтэрнэт-кампаніяў ЗША за мяжой. У Агенцтве нацыянальнай бясьпекі ЗША настойваюць, што гэтыя праграмы дапамаглі сарваць дзясяткі тэрактаў.