Родны Менск я пакінуў, пажарам і бомбамі гнаны. Хто сказаў, што мой горад загінуў, што ён зруйнаваны? А вось можа, не загінуў бы, ды ня быў бы зруйнаваны, дык і не зрабілася б беларуская сталіца ў сярэдзіне сямідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя ня проста горадам, а героем: за ўсё трэба плаціць сваю цану.

У новым для сябе статусе жыхароў горада-героя менчукі апынуліся 26 чэрвеня 1974 году. Так кароткая прыстаўка «фон» надавалася некалі нетытулаванаму дваранству: здаецца, колькі таго фону, але форсу — на наш век хопіць і дзецям застанецца. Ніякіх асаблівых прэфэрэнцый, чысты прэстыж, як ордэн чужой, ужо няіснай дзяржавы: хочаш — насі, хочаш, у шафу схавай. Затое гучыць. Ну, і памяць, вядома — якая ёсьць проста разнавіднасьцю забыцьця. Горад-герой — гэта гучала сьмешна ўжо ў васьмідзясятых.

Ганаровае званьне Менск атрымаў Указам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР за

«выдатныя заслугі перад Радзімай, мужнасьць і гераізм, праяўленыя працоўнымі гораду ў барацьбе супраць гітлераўскіх акупантаў, вялікую ролю ў разгортваньні ўсенароднага партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў азнаменаваньне 30-годзьдзя вызваленьня БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

Што тут праўда? Напэўна, усё. Як праўдаю былі і нямецкія эшалёны, якія незадоўга да 3 ліпеня 1944 году звозілі зь Менску на Захад сотні тых менчукоў, якія, здаецца, не былі ні нямецкімі, ні фашыстоўскімі захопнікамі, ні «калябарантамі», але мусілі ўцякаць ад сваіх, ад «нашых», бо «нашых» чамусьці баяліся ня менш, а мо і больш за немцаў.

Адна з самых жудасных праяваў таталітарнай дзяржавы — яна патрабуе гераізму ад кожнага. Але ніхто не абавязаны быць героем: дзіўна, што ў дэклярацыі правоў чалавека не прапісаны такі пункт. Калі ты не герой — дык прынамсі мусіш марыць быць ім: усё, што трэцяе — здрада. Або дэфіс.

«На высокую ўзнагароду працоўныя Мінска адказалі новым пад’ёмам... У сацыялістычным спаборніцтве за датэрміновае выкананьне заданьняў дзявятай пяцігодкі і дастойную сустрэчу ХХV зьезду КПСС і XXVIII зьезду КПБ яны дасягнулі новых посьпехаў. Напрыканцы 1974 завершанае будаўніцтва газаправоду Таржок-Мінск, электрыфікаваны ўчастак БЖД Мінск-Барысаў, уведзены ў строй мясаперапрацоўчы завод. У 1975 даў прадукцыю малочны завод № 1, уведзены ў строй завод буйнога панэльнага будаўніцтва, піўзавод № 2, Вілейска-Менская водная сыстэма, здадзеныя ў эксплюатацыю новыя магутнасьці на маторным заводзе, мотавелазаводзе, заводзе шасьцярон і станкабудаўнічым заводзе...»

Горад-герой — у самім гэтым выразе ёсьць нейкі гвалт. І нейкая містыка: жывучы ў горадзе-героі, ты нібыта ёсьць часткаю мэханізму нейкага кібарга, элемэнтам мікрасхемы або проста шрубком, але ад цябе і толькі ад цябе залежыць якая-небудзь дробязь, вызначальная для ўсяго мэханізму. Гэта ўжо не прыналежнасьць да гораду — але адказная пасада. Быццам бы ад цябе залежыць, якім пальцам ён націсьне на спускавы кручок, калі давядзецца прыняць бой з монстрамі. Якімі — а хто яго ведае. Гэта вырашаць герою, а не ягоным запчасткам.

Цікава, што нешта падобнае да званьня ГГ мелі некалі гарады сацыялістычнай Югаславіі — Ордэн народнага героя, які даваўся і людзям, і арганізацыям, і вось — гарадам... Такі Ордэн мела, напрыклад, Любляна. Але яна даўно ўжо — проста сталіца незалежнай Славеніі. А мы як жылі, так і жывем у целе героя — бо бяз нас і яму ня выжыць. Такая ў яго анатомія.