Чума ў Ча́пуні: сьвіней забралі, вёску закрылі

Туша сьвіньні ляжыць пры дарозе на вёску Песевічы, Івейшчына

Нягледзячы на шматлікія факты экспрапрыяцыі сьвінога пагалоўя з прыватных падворкаў у Івейскім, Стаўпецкім і Валожынскім раёнах, вэтэрынарныя органы прызналі толькі адзін выпадак захворваньня жывёлы на афрыканскую чуму. «Ачагом» патэнцыйнага распаўсюду ўзбуджальніка названая гаспадарка пэнсіянэра Ўладзімера Рагулы ў вёсцы Ча́пунь на Івейшчыне — цяпер усе пад’езды да паселішча ўзятыя пад варту, у самой Чапуні абвешчаны карантын.

Трапіць у вёску Чапунь немагчыма ніводнаму чужынцу. Праз адмысловы кантрольна-прапускны пункт пускаюць толькі мясцовых жыхароў — калі ёсьць пашпарт. Пры гэтым кожны праходзіць празь пільны агляд загадчыка аддзелу таксыкалёгіі Гарадзенскай абласной вэтэрынарнай лябараторыі Аляксандра Арловіча. Паводле ягоных словаў, асаблівы рэжым тут будзе дзейнічаць сама меней месяц:

«Мая задача простая — глядзець, хто праяжджае. Увогуле, паводле ўмоваў карантыну неабходна абмежаваць доступ людзей, якія не зьвязаныя з жыцьцём у вёсцы. Прыкладам, тыя, хто адпачывае, хоча на рэчку, — мы іх ужо не пускаем. Калі тут жывуць бацькі, дзеці прыяжджаюць з гораду, то туды дапускаем, але калі выяжджаюць, робім пільны агляд. Дзеля гэтага ёсьць прадстаўнік міліцыі. Правяраем, каб не вывозілі ніякіх прадуктаў жывёльнага паходжаньня — мяса, самаробных каўбасаў, бо ня ведаем, з чаго яны насамрэч зробленыя. Калі нешта знаходзім, бяром і, папросту кажучы, на ўтылізацыю. Таму ўсе людзі папярэджаныя, што яны не павінны адсюль нічога вывозіць — далей за ачаг нічога не павінна распаўсюджвацца. А таксама робім дэзынфэкцыю: тым, хто выяжджае, дадаткова апрацоўваем колы і ніжнюю частку ног — абутак».

Your browser doesn’t support HTML5

Сьвіная чума: рэпартаж з Чапуні



Чапунь — вёска па тутэйшых мерках немалая. Тры дзясяткі хатаў, у якіх пераважна жывуць старыя жанчыны. Сямейных параў — адзінкі, сярод іх і спадары Рагулы, чый падворак лічыцца «ачагом эпідэміі». Іхняя хата ў другім канцы вёскі, туды раз-пораз зазіраюць толькі супрацоўнікі вэтэрынарнай інспэкцыі.

80-гадовая Ганна Булка жыве на ўскрайку Чапуні — яна была адзіная, да каго ўдалося ў літаральным сэнсе дакрычацца праз вэтэрынарныя кардоны. Жанчына апавяла, што ў яе забралі зусім малое яшчэ парасятка:
Я ўжо плачу — дзетачкі, здаровенькі ж, нашто яго браць? Але забралі

«У мяне парасятка было. Я баба старая, дык кажу дачцэ — праўда, весялей мне будзе, хоць пакармлю яго. Якраз тыдні чатыры, як яго купіла, зусім нядаўна. Такі спраўны, здаровенькі парсючок, але прыехалі і забралі. Я ўжо плачу — дзетачкі, здаровенькі ж, нашто яго браць? Але забралі. Яны і не пыталіся, і не гаварылі, пайшлі, укол далі — і забралі. Гэта ж, дзетачкі, шкада як: каб хоць хворае было, дык справа іншая. Як у Рагулы вось захварэла, здохла. А тое ж здаровае было. Так нічога і не сказалі — ці яго мне вернуць, ці якія грошы дадуць, ці не дадуць. Я ўжо асабліва і не пыталася, бо так плакала па гэтым парасятку, думаю, во толькі купіла, ды ўжо і забралі» (плача).

Карэспандэнт: «Увогуле шмат забралі па вёсцы?»

«Можа, і няшмат, бо няшмат хто ўжо і трымаў — у нас жа тут мала маладых, усе, лічы, старыя. Але ў адной жанчыны, казалі, пяцёра адразу ўзялі. І вялікіх, не малых, як у мяне. У іншых, на тым канцы вёскі, двух. Адзін парсюк, мабыць, кіляў пад 200. Так што вялікія. Мусіць, хворых троху было, дык тых адразу пазабіралі. А тады ўжо вярнуліся ў суботу дый здаровых зьвезьлі. Нічога нікому пакуль не вярнулі. А чаго пазабіралі — ня ведаю. Хай бы дактары праверылі, што здаровае, ды пакінулі… Ой, як шкада: глядзела, баба старая, муку першага гатунку купляла, давала, бо хацелася, каб здаровенькае расло. Ды ўжо весялей было: панясу ў місачцы, паўзіраюся, пагладжу. Ды вось як усё выйшла…»

Не адну сотню кілямэтраў па тутэйшых ваколіцах адкалясіў на аўталаўцы спадар Уладзімер. Кажа, што многія вяскоўцы цяпер папросту ў адчаі:

«Вядома, такія грошы, цэлыя пэнсіі аддавалі, каб набыць камбікорм і г.д. Бо ня толькі жывёлу, і грошай шкада. За парасятаў на базары 1,5 мільёна трэба заплаціць, а потым бульбу апрацуй, а трактарысты вельмі дорага бяруць — цяпер жа коней няма, усё мэханізавана. І тут бяруць, усё забіраюць, паляць. А што, ад чаго — людзям жа не тлумачаць».

Карэспандэнт: «Кажуць, у каго яшчэ не забралі, дык стараюцца зарэзаць, захаваць хоць мясам».

«Хто яго ведае, ці трэба ўжо так рызыкаваць. Хай, можа, лепш і прападзе. Зьем я той кавалак мяса, атручуся — ніхто ж толкам ня ведае, якія наступствы. Але кожны па-свойму разважае, таму шмат хто рэжа, не чакаючы прыходу інспэктараў. У Пе́севічах, кажуць, нават сёньня пару штук закалолі».

Ча́пунь — пакуль што адзіная вёска, адгароджаная ад зьнешняга сьвету. Але эпідэміялягічнымі захадамі ахопленыя і бліжэйшыя паселішчы. Сьвіней дзеля прафіляктыкі пазабіралі ў жыхароў суседніх Козевічаў, Галу́навічаў, Шы́льваў. А ў Пе́севічах вялізная сьвіньня валяецца проста пры дарозе, напалову ў сажалцы — як своеасаблівы сымбаль безвыходнасьці.


Галоўны вэтэрынар Івейскага раёну: «Гэта вы ствараеце шуміху»


Галоўны ветэрынар Івейскага раёну Чэслаў Хацяновіч упэўнены, што ніякай панікі наконт афрыканскай чумы сьвіней у людзей няма. А ўся створаная шуміха выгадная толькі журналістам:

«Ёсьць рашэньне выканкаму, ёсьць плян мерапрыемстваў выканкаму, што ж я вам магу яшчэ сказаць?

Людзі не хвалююцца, людзі ведаюць, і ў раённай газэце апавясьцілі. І каб не дапусьціць, можа, недзе чаго — закалолі свайго кабанчыка недзе раней, каб не заразіўся.

Перад тым, як закалоць, чалавек прыходзіць у вэтслужбу, робіць тэрмамэтрыю, клінічны агляд. Ёсьць адмысловы журнал. Забіваюць кабанчыка, а як забілі — робяць дасьледаваньні, бяруць пэўныя органы. Самі прывозяць у лябараторыю, адпраўляем у Менск для дасьледаваньня. На працягу сутак людзі атрымліваюць адказ. І ніякіх пытаньняў, ніякай шуміхі.

Гэта вы ствараеце шуміху. Гляджу, вашыя хлопцы катаюцца. Бяруць п’янага мужыка, садзяць на пост. Мы сфатаграфавалі, як яны бралі гэтага п’янага мужыка і таксама пакажам (паводле карэспандэнтаў, вясковец быў цьвярозы — рэд.). Ну навошта гэта так рабіць? Давайце нармальна, цывілізавана, па-чалавечы. Пасьля спыняюць там розныя „лятучкі“, якія прадукты развозяць, зьбіраюць людзей, выпытваюць...»