Расея хоча накіраваць сваіх мытнікаў на беларускія межы

Расейскі міністар эканамічнага разьвіцьця Андрэй Белавусаў заявіў пра жаданьне Расеі кантраляваць межы Беларусі і Казахстану з трэцімі краінамі.
Міністар тлумачыць гэта задачай барацьбы з «шэрым імпартам» і адтокам капіталу з Расеі праз схемы фіктыўнага імпарту з краін Мытнага зьвязу. Раней Цэнтрабанк Расеі заявіў, што празь Беларусь нелегальна было вывезена 15 мільярдаў даляраў расейскіх капіталаў, праз Казахстан — яшчэ 10 мільярдаў. Грошы былі выведзеныя з выкарыстаньнем фіктыўных кантрактаў паміж расейскімі і казахстанскімі ды беларускімі контрагентамі. Грошы па такіх кантрактах накіроўваліся расейскімі кампаніямі і прадпрымальнікамі ў краіны за межамі Мытнага зьвязу (афшорныя тэрыторыі, Латвію).

Заява міністра Белавусава аб патрэбе накіраваць расейскіх мытнікаў на межы іншых краін Мытнага зьвязу прагучала ў кулюарах Пецярбурскага эканамічнага форуму:

«Я ня думаю, што тут патрэбныя нейкія заканадаўчыя абмежаваньні, таму што пагадненьні на ўзроўні Мытнага зьвязу падпісаныя амаль усе. Патрабуецца вырашыць арганізацыйныя пытаньні, бо мытная абарона на мяжы Мытнага зьвязу пакуль не дапрацаваная. Вялікім крокам наперад была б прысутнасьць расейскіх мытнікаў на ўсёй мяжы Мытнага зьвязу, у тым ліку ў той частцы, якая адносіцца да Казахстану і Беларусі», — цытуе расейскага міністра партал «Росбалт».

Менскі эканаміст, намесьнік старшыні АГП Леў Марголін зазначыў: гэтая заява Белавусава яшчэ раз падкрэсьлівае, што Мытны зьвяз — не эканамічнае, а палітычнае аб’яднаньне, у якім дамінаваць хоча Расея.

Што да сутнасьці заявы расейскага міністра, то спадар Марголін кажа, што ў гэтым выпадку расейцы дэманструюць адсутнасьць свайго даверу ня толькі да беларускай мытні, але і да дзяржаўных структур, да ўсёй беларускай улады:

Леў Марголін

«Гэта таксама ўскоснае прызнаньне таго, што ніякія празрыстыя схемы ў Беларусі немагчымыя, што тут няма празрыстых рынкавых адносін і за беларускім бокам патрэбны штодзённы кантроль... Я не зьдзіўлюся, калі хутка яны запатрабуюць, каб у кожным беларускім міністэрстве сядзеў іхні прадстаўнік».