Эўрачыноўнікі патрабуюць прыбраць крыжы і німбы са славацкіх эўра

Напрыканцы мінулага году Эўрапейская камісія запатрабавала, каб Нацыянальны банк Славаччыны прыбраў хрысьціянскія крыжы і німбы з манэтаў эўра, якія чаканіць Славаччына.
Пра гэта піша International Herald Tribune.

Манэты былі зробленыя ў гонар 1150-й гадавіны прышэсьця хрысьціянства на славацкія землі. На іх — выявы знакамітых хрысьціянізатараў Цэнтральнай Эўропы, бізантыйскіх манахаў Кірылы і Мятода, над галовамі якіх — німбы сьвятых, а адзеньне аднаго ўпрыгожанае крыжом.

Але славацкія манэты будуць мець хаджэньне па ўсёй Эўропе. А эўрапейскія правілы забараняюць дэманстрацыю на карысьць пэўнага веравызнаньня.

Славацкі арцыбіскуп Зваленскі сказаў, што ў ЭЗ ёсьць плынь, якая выступае за рэлігійны нэўтралізм і ня можа прыняць хрысьціянскія каштоўнасьці. Паводле сьвятара ў Эўропе назіраецца хваля ваяўнічага сэкулярызму, ў той час як кантынэнт спрабуе выпрацаваць агульную ідэнтычнасьць.

Паводле Зваленскага хрысьціянства — адзін з нешматлікіх элемэнтаў, які мог бы аб’яднаць з наступнага месяца ўжо 28 дзяржаваў, якія адрозьніваюцца гісторыяй і ўзроўнямі эканамічнага разьвіцьця. Аднак рэлігія робяцца новай лініяй расколу паміж больш сэкулярнай, сьвецкай Заходняй Эўропай і больш рэлігійнымі краінамі ўсходу кантынэнту, такімі як Польшча і Славаччына.

Эўракамісія апынулася пад ціскам з двух бакоў — ад ваяўнічых атэістаў і ваяўнічых фундамэнталістаў.

Эўропа прасякнутая хрысьціянствам, прынамсі ўспамінамі пра яго. Храмы, хай нават зараз і пустыя — неад’емная частка эўрапейскага пэйзажу, карані ўнівэрсытэтаў — ў сярэднявечнай рэлігійнай навуцы, гімны многіх эўрапейскіх краінаў славяць Бога.

Нават першапачатковы сьцяг Эўразьвязу — 12 зорак па коле на сінім тле, меў хрысьціянскае паходжаньне, францускі мастак, які маляваў яго, натхняўся іконаграфіяй Дзевы Марыі ў кароне з 12 зоркамі.

Ідэя аб’яднаньня Эўропы бярэ пачатак з часоў кіраваньня Карла Вялікага, першага імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі.

Аднак Рымская дамова 1957 году, на якой грунтуецца цяперашні Эўразьвяз, ня ўтрымлівае спасылак на Бога і хрысьціянства.

Пярэчаньні супраць пляняў Славаччыны чаканіць на манэтах сьвятых Кірыла і Мятода з крыжамі і німбамі выказалі Францыя і Грэцыя. Францыя — з прычыны сэкулярызму, славацкія манэты будуць мець хаджэньне і ў Францыі, Грэцыя — таму, што бачыць у выявах бізантыйскіх манахаў прэтэнзію на грэцкую гістарычную спадчыну.

Сэкулярызм інстытутаў Эўразьвязу выклікае крытыку з боку людзей глыбокай рэлігійнай веры і кансэрватыўных поглядаў. «Ёсьць падазрэньне, што Эўразьвяз кантралюе д’ябал» — кажа Рафаэль Рафай, лідэр правай нацыяналістычнай партыі Славаччыны. Некаторыя фундамэнталісты мяркуюць, што зьнікненьне межаў у Эўропе — прыкмета набліжэньня апакаліпсіса.

Аднак лідэры ЭЗ ўсьведамляюць свае карані. Цяперашняя канцлер Нямеччыны Ангела Мэркэль, дачка пастара, ў адказ на занепакоенасьць яе прыхільнікаў ростам колькасьці мусульманаў у краіне, сказала, што ў Нямеччыне не зашмат ісламу, а замала хрысьціянства.

Вера ў Эўропе сапраўды слабее. У Вялікабрытаніі паводле леташняга апытаньня, ў іншаплянэтнікаў там верыць больш людзей, чым у Бога. Наагул у краінах ЭЗ верыць у Бога прыкладна кожны другі, у той час як у ЗША — 90%.

Спасылкі на хрысьціянскую спадчыну ня трапілі ў Лісабонскую дамову 1997 году аб рэформе і разьвіцьці ЭЗ, замест гэтага там гаворыцца аб «культурнай, рэлігійнай і гуманістычнай спадчыне Эўропы».

Арцыбіскуп Браціславы мяркуе, што высілкі па стварэньні эўрапейскага адзінства скончацца марна, калі ў іх ня будзе месца для Бога.

Ён убачыў станоўчую прыкмету ў тым, што Нацыянальны банк Славаччыны адмовіўся выканаць патрабаваньне Эўракамісіі. І Брусэль пагадзіўся, саступіў, са спазьненьнем на 2 месяцы браціслаўскія эўры будуць адчаканеныя так, як гэтага хочуць у Браціславе — зь німбамі і крыжамі.