Завод закрываюць, бо дырэктар скраў мільярды

Працаўніцы льнозаводу ў райцэнтры Круглае, што на Магілёўшчыне, патрабуюць выплаты адпускных ды заробкаў за красавік і травень. 20 чэрвеня яны занесьлі скаргу ў раённы суд.
«Мы кансультаваліся, і нам сказалі, што мы мусім дамагацца выплат, іначай нам ніхто не дапаможа. Сёньня мы хадзілі і да пракурора — ён сказаў, што завод усё адно зачыняць», — паведаміла адна з працаўніц ільнозаводу.

У адпачынак працаўніц адправілі пасьля таго, як яны калектыўна выступілі супраць закрыцьця прадпрыемства. 20 траўня іх не пусьцілі на працоўныя месцы, паведаміўшы пра тое, што завод закрываецца з прычыны шматмільярдных даўгоў. Некалькі дзён жанчыны прыходзілі да прахадной і сядзелі, чакаючы, пакуль цэх адчыняць, але марна. Працаўніцам прапанавалі езьдзіць на працу за сорак кілямэтраў — на Шклоўскі льнозавод. Жанчыны гэтую прапанову адхілілі і заявілі, што будуць дамагацца запуску свайго заводу і зь цягам часу сплацяць усю запазычанасьць.

Запазычанасьць ільнозаводу складае 12 мільярдаў рублёў. Паводле супрацоўніка адміністрацыі, яна расла ад 2007 году. Сродкі, як ён кажа, былі скрадзеныя. Тагачасным дырэктарам дагэтуль займаюцца кампэтэнтныя органы.

25 чэрвеня ў 24 працаўніц сканчаецца адпачынак. У райцэнтры працы для іх няма. З вытворчых прадпрыемстваў ёсьць тут толькі перасоўна-мэханізаваная калёна, якой патрабуюцца мужчыны. На шклоўскі льнозавод жанчыны ўладкоўвацца ня хочуць, бо, кажуць, ім прапануюць працу з кантрактам толькі на месяц, і то ня ўсім.

На круглянскім ільнозаводзе, архіўнае фота


Супрацоўнік адміністрацыі прызнаў, што Шклоўскаму льнозаводу патрэбныя зямля і сыравіна. Круглянскае прадпрыемства сёлета засеяла льном адну тысячу гектараў. Летась завод выканаў дзяржаўную замову. Бальшыня тых, каму пагражае звальненьне, адпрацавала тут больш як пятнаццаць гадоў.