Юрась Бушлякоў: «Мова — жывая!» (11)

Аўтар сабраў матэрыял у тэматычныя разьдзелы: артаэпія, будова фразы, будова слова, формы слова, націск, выбар слова, выразы, фраземы, прыказкі.

Сёньня мы друкуем тры прыклады з розных разьдзелаў.

Заяўку на кнігу можна прысылаць ужо зараз — паведамце ў ёй паштовы адрас, на які можна даслаць кнігу. Прысылайце заяўку на адрас паштовая скрынка 111 Менск 5, індэкс 220005 электронны адрас — svaboda@rferl.org.


ГУЧАНЬНЕ СЛОВА

Ансамб[а]ль, дуб[а]ль, жан[а]р, кад[а]р, мэт[а]р, спэктак[а]ль

Для беларускай мовы канцавыя спалучэньні двух, трох або чатырох зычных гукаў, апошні зь якіх санорны [р] або [л’], не характэрныя. Такіх нетыповых спалучэньняў мова пазбаўляецца двума спосабамі: або перад гукамі [р] і [л’] узьнікае галосны [а] (ансамб[а]ль, монст[а]р, тэат[а]р), або словы набываюць канчатак -а (напрыклад, каляндра, лотра, майстра). У сучаснай літаратурнай мове пераважная бальшыня словаў з канцавымі спалучэньнямі зычных афармляецца паводле першага з названых спосабаў. Згодна з вымаўленчымі нормамі, паміж зычным / зычнымі ([б], [г], [д], [к], [м], [н], [п], [т], [ф], [кт], [мб], [нд], [нт], [ст] ды інш.), з аднаго боку, і гукамі [р] або [л’], з другога, павінна гучаць галосная ўстаўка — кароткі [а]: бінок[а]ль, дуб[а]ль, жан[а]р, зуб[а]р, кад[а]р, крэм[а]ль, літ[а]р, тыг[а]р, фільт[а]р, шыф[а]р, Аляксанд[а]р і г. д. Калі пры зьмене слова або ў вытворных словах спалучэньні апынаюцца перад галосным гукам, устаўны, натуральна, зьнікае: жан[а]р — у жа[нр]ы, мэт[а]р — сто мэ[тр]аў, фільт[а]р — філь[тр]аваць.

Як вядома, адпаведна нормам афіцыйнага беларускага правапісу ўстаўны гук у разьбіраных тут спалучэньнях на пісьме не адлюстроўваецца. Іншы падыход рэалізаваны ў клясычным (дарэформавым) беларускім правапісе: паводле яго ўстанаўленьняў, літара а заўсёды мае пісацца ў спалучэньнях -тар, -дар на месцы канцавых tr, dr у пазычаньнях (напрыклад, аркестар, монстар, скафандар, цыліндар, цэнтар; з выняткам нетрадыцыйных уласных назоваў, дзе спалучэньні tr, dr пішуцца нязьменна: Нотр-Дам, Сартр).

Але як бы мы ні пісалі, якой бы правапіснай традыцыі ні прытрымліваліся, памятайма пра вымаўленьне: ні ў якім разе няможна глытаць, «зьядаць» спалучэньні ‘зычны + галосны + ] або [л’]’. Канцавыя гукі павінны прагаворвацца выразна, незалежна ад тэмпу нашага маўленьня.

Your browser doesn’t support HTML5

Жывая мова. Вымаўленьне. Майстра



БУДОВА СЛОВА

Моладзевы, маладзёвы, маладзёжны

Які прыметнік ужываем, каб назваць тое, што мае дачыненьне да моладзі? Доўгі час у літаратурным маўленьні пераважала лексэма маладзёжны. Якога яна паходжаньня? Ці ад моладзі маладзёжны?

Відавочна, што не ад моладзі — ня мае беларуская мова такога суфікса -ёжн-. Прыметнікам маладзёжны папоўнілі нашую мову ў 30-я гг. мінулага стагодзьдзя — жыўцом узялі яго з расійскае мовы. Пра тое, што пазычанае слова не стасуецца з назоўнікам моладзь, ніхто тады не падумаў. Падумалі пра гэта людзі беларускае мовы ўжо лепшым часам. У 1980 — 90-я ў маўленчую і пісьмовую практыкі прыйшлі нарэшце суадносныя з назоўнікам моладзь словы моладзевы і маладзёвы. Гэтыя прыметнікі ўтварыліся паводле вельмі актыўнае ў беларускай мове мадэлі: да асновы назоўніка далучыўся тыповы суфікс.

Вось жа, як ад слова дэталь маем прыметнік дэталёвы, ад хваля хвалевы, ад фірмафірмавы і фірмовы, так і ад моладзі — моладзевы і маладзёвы. Абедзьве формы паходжаньнем ад слова моладзь сёньня суіснуюць у маўленьні і на пісьме, яшчэ чакаючы пасьлядоўнай фіксацыі ў рознага тыпу слоўніках. Пры гэтым паступова, на працягу 2000-х, форма з захаваньнем націску на корані пачала пераважаць над формаю з суфіксальным націскам: усё часьцей чуем, гаворым, чытаем і пішам моладзевы.

Your browser doesn’t support HTML5

Жывая мова. Моладзевы, маладзёвы



ВЫБАР СЛОВА

Авечка, трус, конь — свойскія жывёліны

Як па-беларуску называем гадаваных, прыручаных чалавекам жывых істот? Ці выпадае называць іх хатнімі, або дамашнімі, ці дамовымі?

Не выпадае. Такое называньне штучнае, калькаванае — ад няведаньня традыцыйных моўных сродкаў. У нашай мове ёсьць шматзначны прыметнік свойскі — якраз ён характарызуе кожную жывёліну, якая пры чалавеку. Авечка, трус ці конь — гэта, кажучы па-беларуску, свойскія жывёліны. Качкі або козы могуць быць свойскія, але бываюць і дзікія, не прыручаныя чалавекам. Дарэчы, свойскімі можам называць яшчэ й культурныя расьліны, якія чалавек вырошчвае, даглядае (кветкі, напрыклад, або дрэвы могуць быць свойскія).

Пры нагодзе гаворкі пра свойскіх і дзікіх жывых істот дадам колькі словаў пра выкарыстаньне ў літаратурным маўленьні двух назоўнікаў — жывёла й жывёліна. У дыялектнай беларускай мове слова жывёла абазначае, як правіла, не адну жывую істоту, а некалькі ці мноства такіх істот — ужываецца, знакам тым, як зборны назоўнік. «Пайду пагляджу жывёлу», — скажа чалавек, маючы на ўвазе сваіх жывёлін. Жывёліна — гэта заўсёды адна асобіна. Думаю, варта ў літаратурнай мове ўлічваць гэтую аўтэнтычную розьніцу: выкарыстоўваць назоўнік жывёла ў зборным значэньні, а слова жывёліна — для называньня канкрэтнай жывой істоты.

Скажам па-беларуску: на падворку поўна свойскай жывёлы: куры, гусі, козы, карова, конь; сабака — свойская жывёліна; качкі бываюць свойскія й дзікія; зубар — дзікая жывёліна.