Грыбы з Булёнскага лесу

21 чэрвеня 1935 году вялікая парыская заля Mutualité перапоўненая — менавіта яна абраная для паседжаньняў і выступаў першага Міжнароднага кангрэсу пісьменьнікаў у абарону культуры. Волаты духу і шараговыя інжынэры КБ чалавечых душаў супраць шакалаў імпэрыялізму і рэваншызму. Шакалы выюць; волаты пазіруюць. Мысьляр зь пяром — як «Дзяўчына зь вяслом»: вобраз ужо тады пазнавальны і пашлаваты, але стрымацца немагчыма. Стомлена-безуважны позірк, далонь падпірае гіпэрбалічна магутны лоб, увесь у мэтафарычных зморшчынах, люлька ў зубах — або цыгара... З аднаго СССР прыехала цэлых дваццаць інжынэраў ЧД — у тым ліку загадкавы для бальшыні ўдзельнікаў кангрэсу Yakoub Kolass з Zaguibelka.

Уласна кажучы, абараняць было што і было ад каго. Сьвет каціўся да вайны, як пусты інвалідны вазок. У суседняй Нямеччыне зусім нядаўна на ўсю моц палалі кнігі, а над папялішчамі дагэтуль стаяла рэха маладых звонкіх галасоў, якія ўрачыста паўтаралі свае заклёны на самай «культурнай» мове сьвету:

«...Супраць дэкадансу і маральнага распаду! За традыцыі і парадак у сям’і і дзяржаве! Я аддаю агню сачыненьні Гайнрыха Мана, Гайнрыха Глэзэра і Эрыха Кестнэра!

Супраць фальшаваньня нашай гісторыі і пагарды да яе найвялікшых асобаў, за пашану да нашага мінулага! Я аддаю агню сачыненьні Эміля Людвіга і Вэрнэра Хэгемана!

Супраць літаратурнай здрады салдатам сусьветнай вайны, за выхаваньне народу ў тым духу, які здольны абараніць яго! Я аддаю агню сачыненьні Рэмарка!

Супраць перабольшваньня ролі сэксу, якое псуе душы! За высакароднасьць чалавечай душы! Я аддаю агню сачыненьні Зыгмунда Фройда!...»

І так далей. Пра Yakoub Kolass тыя галасы ня згадвалі і кніжак ягоных не палілі. Шкада: цікава было б пачуць фармулёўку.

Іншая рэч — што і ад абаронцаў, якія засядалі ў Парыжы, культуру варта было б чым-небудзь прыкрыць. Хаця б якім-небудзь буржуазным літаратурным вырадкам — для прыстойнасьці і парытэту. Бо кангрэс атрымаўся дзіўнаваты.

Афіцыйна ён ладзіўся з ініцыятывы і пры падтрымцы Люі Арагона, а таксама «сачуствуюшчых» яму Мальро, Блёка, Рышара, усіх тых, хто блытаў левізну ў палітыцы і левізну ў мастацтве. Насамрэч кожнаму ўдзельніку было вядома, за чые грошы ў Парыжы вырашылі абараніць культуру — але ўголас пра тое, што галоўныя фундатары і арганізатары сядзяць ў Крамлі, ніхто гаварыць не наважваўся. Там, у Маскве, доўга думалі, каго паслаць і каго запрашаць. Урэшце ўключылі ў сьпіс нават Пастэрнака і Бабеля, а Шолахава выкрасьлілі — не паехаў і Горкі. З замежных гасьцей так і не ўдалося выцягнуць у Парыж Томаса Мана (Гайнрых паехаў), Шоў, Ўэлса. У выніку атрымалася такая пераважна пракамуністычная пісьменьніцкая сходка.

Yakoub Kolass таксама выступіў на кангрэсе — цікава, на якой мове ён прамаўляў? Парыж яму ня надта спадабаўся. Абараніўшы культуру і прыкупіўшы ў Парыжы фотакамэру, ён вярнуўся ў Менск, дзе яго чакала эпіграма ад Кандрата Крапівы, які па-свойму разумеў ролю кангрэсаў у пісьменьніцкім жыцьці:

«Быў я ў Парыжы на кангрэсе,
То ў Загібельцы, браце, лепш —
Грыбоў няма ў Булёнскім лесе,
А ў Сене хоць бы адзін лешч».

Yakoub Kolass ня стаў пярэчыць зайздросьліваму калегу:

«Калі агледзіш хвайнякі
І гэты кут пазнаеш бліжай,
Зьбіраючы баравікі,
Дык вывад я зраблю такі:
Мне Загібелька лепш Парыжа».