Януковіч — Лукашэнку: Украіна ідзе шляхам эўрапейскай інтэграцыі

Віктар Януковіч і Аляксандар Лукашэнка ў Кіеве

Аляксандар Лукашэнка падчас перамоваў у Кіеве з прэзыдэнтам Віктарам Януковічам доўга гаварыў пра перавагі Мытнага зьвязу і эўразійскай інтэграцыі.
«Мы б хацелі, каб Украіна была нашай, бліжэйшай да нас. Мы б хацелі, каб Украіна не падпісала зь іншымі арганізацыямі такой дамовы, якая б закрыла ёй шлях руху ў напрамку Адзінай эканамічнай прасторы і будучага эканамічнага зьвязу, пра які мы вядзем гаворку. Гэта тое, што нас хвалюе», — адзначыў Лукашэнка, маючы на ўвазе плянаванае падпісаньне ў лістападзе гэтага году дамовы аб асацыяцыі Ўкраіны з Эўразьвязам.

Януковіч адказаў дыпляматычна, але адкрыта:

«Не хацеў бы камэнтаваць вашыя словы, але вымушаны па-добраму адказаць. Мы маем шматвяковую гісторыю адносін паміж краінамі, і ва ўсім, што б мы ні рабілі — нашы народы нас заўсёды паправяць, але мы і не зьбіраліся рабіць нічога дрэннага. Мы шануем наша мінулае і думаем пра нашу будучыню, але Ўкраіна ідзе шляхам эўрапейскай інтэграцыі», — цытуе ўкраінскага прэзыдэнта інтэрнэт-выданьне «Голос UA».

Пры гэтым Януковіч дадаў, што гаворка ідзе пра «ўкараненьне эўрапейскіх стандартаў ва ўсім».