Вецер і туман

18 чэрвеня 1928 году а чацьвертай гадзіне папаўдні з нарвэскага Тромсё ў накірунку Шпіцбэргену вылецеў францускі гідрасамалёт «Лятам». Яснае надвор’е хутка скончылася, быццам хто яго выключыў. Туман над морам быў такі, што хоць пэмікан на яго намазвай. Пачынаўся шторм.

На борце машыны знаходзіліся чацьвёра французаў і двое нарвэжцаў — у тым ліку знакаміты палярнік, Вялікі Зануда, самотнік і аскет з дыктатарскімі замашкамі Руаль Амундсэн. Той самы Амундсэн, які першы пабываў на Паўднёвым полюсе... Ну, ды дзе ён толькі ні пабываў, апошні вікінг Нарвэгіі, як яго называлі, зь ягонай дзіўнай любоўю да мінус пяцідзесяці, ільдзінаў, таросаў, айсбэргаў і сабачаціны. А цяпер ён выправіўся ў падарожжа, каб знайсьці зьніклую экспэдыцыю Умбэрта Нобіле — гэтага «недарэчнага афіцэрчыка», гэтага «чалавека дзікай, напаўтрапічнай расы». Некалькі гадоў таму яны з Нобіле зьдзейсьнілі на цэпэліне неблагое падарожжа на Паўночны полюс, але італійцу, гэтай «бяздарнасьці», гэтаму «дылетанту», не сядзелася на месцы, і вось цяпер ён тырчыць недзе пасярод Баранцава мора — сам вінаваты.

Зрэшты, не сядзелася на месцы і Амундсэну. Палюсоў на плянэце больш не засталося, а жыць без таго, каб прабірацца скрозь сьнежныя пустэльні, прабірацца на чым заўгодна: на сабаках, караблях, на самалётах або на сваіх дваіх, ён ужо ня мог... Машына для Амундсэна знайшлася ў апошні момант. Перад вылетам ён падараваў аднаму зь сяброў у Тромсё запальнічку — «мне яна больш не спатрэбіцца». Як заўсёды, ніхто не зьвярнуў увагі на гэты Знак.

А васямнаццатай сорак пяць радыст «Лятама» Валет апошні раз выйшаў на сувязь зь Вялікай зямлёй. Больш Руаля Амундсэна і ягоных таварышаў ніхто ня чуў і ня бачыў.

Хаця гэта і не зусім праўда. Каханка Амундсэна Кіс Бэнэт, зь якой ён, зрэшты, парваў напярэдадні падарожжа, была ўпэўненая ў сваіх тэлепатычных здольнасьцях. Як і сам палярны дасьледнік — вера ў тое, што яны могуць кантактаваць на нейкім нябачным, астральным узроўні, доўгі час трымала іх разам. І вось неяк у гатэлі ў гарах, калі Нобіле ўжо даўно знайшлі, яна, надзяваючы панчохі, раптам пачула ў пакоі глухі, але вельмі выразны голас Амундсэна:

«О Кіс, пачынаецца жудасная агонія».

«Тры дні я адчувала ў пакоі яго прысутнасьць, зусім блізка, я магла б дакрануцца да яго. Потым усё скончылася. Думаю, ён памёр пакутлівай і павольнай сьмерцю», — пісала яна.

Хутчэй за ўсё «Лятам» прызямліўся на хвалі і перакуліўся. Гэта была такая машына, якая не змагла б сесьці нават на лёд.

Кажуць, калі карабель з уратаваным Нобіле дабраўся да берагоў Паўночнай Нарвэгіі, ніхто ў гавані не захацеў прымаць ягоныя швартовы. На італійца глядзелі зь непрыхаванай варожасьцю. На радзіме яго таксама чакала ня надта радасная сустрэча. Нобіле плюнуў і паехаў у СССР будаваць дырыжаблі. Насамрэч ён ні ў чым ня быў вінаваты. Ніхто не абавязаны ратаваць сваіх ворагаў. Гэта ўсё туман і вецер. Вецер і туман.