Лепш позна, чым ніколі

...Узьняўшы факел, статуя Свабоды
Глядзіць, як адплываюць параходы.
Ёй хочацца агнямі азарыць
Ім доўгі шлях, ды факел не гарыць.
Даносіцца зь Нью-Ёрку гул нядобры,
Бяссонны горад стомлена гудзе.
І, быццам палісмэны, небаскробы
За статуяй стаяць і ноч, і дзень.
Глядзяць з тугой яе старыя вочы
На далі акіянскіх сініх вод.
І хочацца адгэтуль ёй пакрочыць
Усьлед за параходамі на ўсход.


Так, зь нечаканым шкадаваньнем, апісаў сваё знаёмства са знакамітай статуяй у 1958 годзе Пімен Панчанка. Статуя ў яго паўстае такой сабе палоньніцай, якую сьцеражэ хцівы і жорсткі маньяк Нью-Ёрк — а ёй, маркотнай, сьніцца воля: «і думкі мкнуцца мімаволі, туды, дзе расьцьвіла вясна». Назад, у Эўропу, пераадзецца за жалезнай шырмай, у рабочага або калгасьніцу. Карацей, ня там паставілі. Не паслухалі паэта.

Вось толькі наконт «старых воч» Панчанка перастараўся — у 1958-м Свабода стаяла ў Нью-Ёрку ўсяго толькі семдзесят трэці год, людзі, бывае, жывуць менш, а для статуі дык наогул ня ўзрост. 17 чэрвеня 1885 году францускі карабель «Ізэр» прывёз яе ў выглядзе 350 частак, раскладзеных па 214 скрынях, у Новы Сьвет — у якасьці падарунку францускага народу амэрыканскаму. Амэрыканскі народ адказваў за пастамэнт. Ад пачатку плянавалася, што падарунак аўтарства архітэктара Бартольды прыбудзе ў Нью-Ёрк да стагодзьдзя абвяшчэньня Дэклярацыі аб незалежнасьці ЗША, але прыпазьніўся трохі, бывае. Лепш позна, чым ніколі — кажа Статуя Свабоды, маючы на ўвазе ў тым ліку і тых, хто ніяк не здабудзе сабе волю, але вельмі хоча. За рознымі жалезнымі шырмамі і іншымі кардонамі на ўсходзе. Я пасьвячу — кажа яна, а вы дзейнічайце. Сачыце за агнём.

28 кастрычніка 1886-га адбылося ўрачыстае адкрыцьцё статуі. Не абышлося без скандалаў і крытыкі. Суфражысткі, якіх не пусьцілі на імпрэзу (там наогул было толькі тры кабеты: жонка Бартольды, унучка аднаго амэрыканца і ўласна сама Свабода) нанялі параплаў, які некалькі гадзін плаваў вакол выспы, дзе адкрывалі манумэнт, і зь якога яны гучна выкрыквалі свае лёзунгі: якая яшчэ, маўляў, свабода, пакуль жанчыны ня маюць выбарчага права. Афраамэрыканская газэта выпусьціла з нагоды адкрыцьця помніка поўны зьедлівай горычы артыкул: «Статуя мусіла б выкінуць у ваду сваю паходню, калі б ведала, што сапраўднай свабодай для афраамэрыканцаў у гэтай краіне і ня пахне». Але абышлося. Лэдзі Свабода засталася стаяць там, дзе ёй даручылі, і дагэтуль сьвеціць нам у нашай ночы.

Вось ужо амаль паўтара стагодзьдзя яна ўпрыгожвае сабой галоўную марскую браму ў ЗША, і гэта выклікае ва ўсім сьвеце пачуцьці досыць супярэчлівыя. Хаця, здаецца, віной тут звычайная рэўнасьць. Абраўшы сымбалем трыццацітрохмэтровую прыгожую жанчыну эўрапейскай зьнешнасьці зь дзесяцімэтровай таліяй і рамантычным імем, трэба быць гатовым да зайздрасьці. Ня кожны мае такую — і ня кожны вытрымае яе позірк.