Аўталаўка глябальнага росту

Газэта New York Times публікуе сёньня агляд сусьветнай эканомікі (прагноз станоўчы — павольны, але рост) і суправаджае яго чатырма беларускімі тварамі.
Фота карэспандэнта Reuters Васіля Фядосенкі зроблена зь сярэдзіны аўталаўкі ў вёсцы Лужаны за 80 кілямэтраў ад Менску. Подпіс — «Краіны Ўсходняй Эўропы яшчэ пакутуюць ад постсавецкага пераўладкаваньня».

Фота зімовае, аўталаўка насамрэч нагадвае хутчэй кіёск, але выразы твару трох бабулек кажуць пра лічбы на цэтліках ня менш, чым тоўсты пачак беларускіх грошай, якія адлічвае дзядзька ў аблавушцы.

Гэткае фота можна было зрабіць і паўстагодзьдзя таму. Толькі пакупніцы ўсе былі б у плюшавых кацавейках, параднай уніформе вясковых кабетаў, а дзядзька быў бы ў куфайцы. І подпіс быў бы больш аптымістычны, кшталту «Насустрач ХХІІІ зьезду КПСС: расьце культура абслугоўваньня ў райспажыўсаюзе».

Так дагэтуль і выконваюць. Так і расьце.