Сяргей Макарэвіч: «Люблю неваеннага Быкава»

Журналіст і краязнаўца Сяргей Макарэвіч апавядае, што ён любіць у неваеннага Быкава.
«Быкаў — гэта вайна. І са школы вучням укладаюць гэта ў галовы. Зрэшты, нават ня ведаю, што сёньня праходзяць з Быкава ў школе і ці праходзяць увогуле.

Я не належу да аматараў ваеннай прозы. І калі прачытваю першы твор новага аўтара, а ён аказваецца пра вайну, то наступную яго кнігу ўважліва перагартаю перад чытаньнем. Быкаў — хіба толькі адзінае выключэньне.

Але люблю пісьменьніка за іншае. За аповесьці, якія ня ставяць поруч зь «Мёртвым не баліць», «У тумане», «Знакам бяды». Але якія не маглі б выйсьці за саветамі. Ды напісаныя, мабыць, былі не ў савецкі час.

Аповесьць «На Чорных лядах» — хоць і пэсымістычны твор, але закранае нацыянальную годнасьць чытача. Спачатку я паглядзеў фільм рэжысэра Валерыя Панамарова па аднайменнай аповесьці Быкава. А затым узяўся прачытаць. Вядома, фільм успрымаецца прасьцей. У Быкава гэта далёка ня самы займальны твор: ён чытаецца цяжкавата. Але ён дае пэўнае ўяўленьне пра Слуцкі збройны чын. Калі не было яшчэ «Нічыіх» Андрэя Федарэнкі, «На Чорных лядах» заставаліся ці не адзіным мастацкім асэнсаваньнем падзеі 1920 году. Гэта аповесьць пра герояў нацыянальнага руху, якіх і сёньня яшчэ не напісана дастаткова.

Сяргей Макарэвіч

«Пакахай мяне, салдацік». Аповесьць з «народнай кнігі» «Сьцяна», якую пару гадоў таму перавыдалі, што ня робіць яе букіністычнай рэдкасьцю. На шчасьце. Упершыню прачытаў аповесьць адразу пасьля школы. Уразіўся. І хоць амаль увесь твор займае вайна, мяне ўзрушылі толькі тыя пару старонак, якія зьвязаныя з чалавечымі пачуцьцямі. Малады савецкі салдацік і зусім юная беларусачка сустрэліся ў Аўстрыі за які дзень да капітуляцыі Нямеччыны. Вайна абарвалася, а разам зь ёй — і надзея на шчасьце ў галоўных герояў.

Твор варта прачытаць маладым, нават у першую чаргу менавіта маладым. Сёньня, калі каштоўнасьці сям’і пахіснуліся, а пачуцьці хлопца да дзяўчыны часта зводзяцца да задавальненьня сэксуальных жаданьняў, то аповесьць Быкава ўказвае арыенціры, якія застаюцца пры любой уладзе, у любыя часы.

Аповесьць «Аўганец» кардынальна мяняе ўспрыманьне Быкава як чалавека. Па папярэдніх творах прасочваецца ягонае супраціўленьне гвалту. А тут прыклад радыкальна настроенага чалавека — аўганца Ступака. Гэта твор пра наш час, пра тую палітычную сытуацыю, якая цягнецца другое дзесяцігодзьдзе. І Быкаў называе адзіны варыянт выхаду зь яе. Гвалтоўны. «Трэба яго стрэльнуць», — думае аўганец з аповесьці. Чые думкі аўтар уклаў у галаву герою? Свае? Народа? І гэта, здавалася б, ніяк не стасуецца з асобай Быкава. Бо гвалт ня можа прывесьці ні да чога добрага. Зрэшты, думка героя так і застаецца нейкай мрояй. Хоць галоўная ідэя пісьменьніка ў іншым: чалавек — закладнік абставінаў, і хто яму плаціць, таму ён і служыць».

Чэрвень з Быкавым

Чэрвень з Быкавым


Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому (Аўдыёкніга)

«Быкаў на Свабодзе» (PDF)