МВФ расчараваны. Беларускім галавакружэньнем ад посьпехаў

Міжнародны валютны фонд абнародаваў высновы свайго аналізу эканамічнага стану Беларусі. Такія справаздачы Фонд робіць раз на год, на падставе вывучэньня сытуацыі і абмеркаваньня з ўладамі адпаведнай краіны.
У справаздачы канстатуецца, што пасьля крызісу 2011 году эканоміка РБ стабілізавалася напачатку 2012 году. Меры, прынятыя ўрадам, прывялі да стабілізацыі абменнага курсу, зьніжэньня інфляцыі, палепшыўся плацёжны балянс, у тым ліку і за кошт гандлю растваральнікамі.

Аднак імкненьне забясьпечыць заплянаваны рост ВУП і рост рэальных заробкаў, які значна перавышаў рост прадукцыйнасьці працы, прывялі да вяртаньня нестабільнасьці і захаваньня інфляцыі на высокім узроўні — адзначаецца ў дакладзе МВФ.


У ім таксама ўхваляюцца меры ў сфэры структурных рэформаў, у прыватнасьці, крокі ў падатковай рэформе і прыняцьцё новага закону аб банкруцтве.

Выканаўчыя дырэктары Фонду выказалі занепакоенасьць тым, што беларускія ўлады імкнуцца адначасна выканаць несумяшчальныя адзін з адным паказьнікі росту ВУП і ўтрыманьня інфляцыі на нізкім узроўні. Фонд рэкамэндуе працягваць скарачаць мэтавае фінансаваньне і абмежаваць рост намінальных заробкаў паказьнікам тэмпу інфляцыі, іншымі словамі, не дапускаць росту рэальных заробкаў дзеля аднаўленьня страчанай канкурэнтаздольнасьці.

МВФ таксама гаворыць пра неабходнасьць комплекснай праграмы рэформаў, якая б уключала ў сябе лібэралізацыю цэнаў, прыватызацыю, рэструктурызацыю дзяржпрадпрыемстваў і адрасныя сыстэмы сацыяльнай абароны.


Да дакладу прыкладаецца табліца рызыкаў для беларускай эканомікі. Тры зь іх ацэньваюцца як высокія.

1. Зьмякчэньне палітыкі для дасягненьня вызначанага ўрадам паказьніку росту ВУП на 8.5% паставіць пад пагрозу макраэканамічную стабільнасьць.

2. Беларусь мае высокія патрэбы ў валавым фінансаваньні на
2013-2014 гады. Недаатрыманьне зьнешняга фінансаваньня прывядзе да далейшага скарачэньня рэзэрваў і ўзмацненьня рызыкі ціску на абменны курс.

3. Пагаршэньне ўмоваў зьнешняга гандлю прывядзе да пагаршэньня плацёжнага балянсу і далейшаму павялічэньня патрэбаў ў зьнешнім фінансаваньні.


Мы папрасілі пракамэнтаваць гэты дакумэнт эканаміста Сяргея Чалага і эканамічнага аглядальніка Белгазеты Сяргея Жбанава.

Чалы: Калі коратка, то Фонд расчараваны. Яны канстатуюць, што ў нас было галавакружэньне ад посьпехаў. У першай палове 2012 году мы мелі станоўчыя наступствы жорсткай посткрызіснай палітыкі. Але пасьля гэтага нашы ўлады вырашылі, што можна нічога не рабіць і вярнуліся да старых практык — да штучнага стымуляваньня ўнутранага попыту, апераджальнага росту заробкаў у параўнаньні з прадукцыйнасьцю працы і мяккай грашовай палітыкі. Калі прыбраць дыпляматычныя фразы, за дакладу вынікае, што на працягу 2012 году мы бяздарна прамантачылі вакно магчымасьцяў. І ізноў пачынае наступаць на тыя ж граблі, якія выклікалі крызіс 2011 году.

РС: А кажучы проста, яны прагназуюць, што пры працягу цяперашняй палітыкі паўторыцца 2011 год?

Чалы: Наўпрост яны так не гавораць. Але яны так не казалі і ў 2010 годзе. Але ёсьць папярэджаньні, што вы крыху пасьпяшаліся з чаканьнямі наконт інфляцыі. І што стаўку рэфінансаваньня, якую вы так хутка зьніжаеце, магчыма, давядзецца рэзка падвышаць. Заспакоенасьць наконт фармальна плаваючага курса — таксама рэч небясьпечная. Курс фактычна фіксаваны. Фонд ня можа наўпрост сказаць, што патрэбная дэвальвацыя, яны дыпляматычна кажуць, пра «неабходнасьць захаваньня гнуткасьці плаваючага курса».

РС: А на падставе гэтых высноваў — яны маглі б даць новы крэдыт? Калі вынесьці за дужкі палітычныя чыньнікі.

Чалы: З боку МВФ перашкодаў для гэтага няма. Пытаньне ў тым, каб беларускі бок падаў праграму, якая будзе ўхваленая на самым версе. Ужо існуе згода паміж экспэртамі ўраду, нацбанку і МВФ наконт таго, што трэба рабіць. Калі наш прэзыдэнт ухваліць гэта, то ніякіх перашкодаў для новай праграмай ня будзе. Гэтая праграма можа быць нават больш працяглай і больш маштабнай. МВФ у гэтым зацікаўлены. Па размовах з экспэртамі Фонду я гэта зразумеў, бо для іх беларуская сытуацыя — гэта просты выпадак.

Жбанаў: Фонд падкрэсьлівае адрозьненьні поглядаў ураду і Нацбанку ў пытаньні мэтавага і валютнага крэдытаваньня. У гэтым МВФ сёньня бачыць галоўную рызыку, як і Эўразійскі банк разьвіцьця, дарэчы. Урад мяркуе, што ў пашырэньні валютнага крэдытаваньня няма нічога небясьпечнага. Фонд лічыць, што гэтыя крэдыты даюцца прадпрыемствам, якія ня могуць застрахаваць рызыку іх невяртаньня. Другі момант — тое, што МВФ інакш глядзіць на функцыі банку разьвіцьця, чым наш мінфін. МВФ лічыць, што ўсё мэтавае крэдытаваньне павінна ісьці толькі праз банк разьвіцьця. Тады можна адсачыць аб’ём эмісійнага крэдытаваньня.