Завялі справу за карупцыю на веткаўскага вэртыкальніка

Распачатая крымінальная справа ў дачыненьні да былога старшыні Веткаўскага райвыканкама Гомельскай вобласьці.
Як паведамілі БелаПАН у Генэральнай пракуратуры Беларусі, праверкай устаноўлена, што былы старшыня Веткаўскага райвыканкама незаконна завалодаў зямельным участкам у Ветцы. Ён, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, даў указаньне кіраўніку аднаго з прадпрыемстваў зьнесьці стары нежылы дом на адной з вуліц горада.

Далей ўласным распараджэньнем уключыў гэты ўчастак у пералік пустых і ад імя сваёй дачкі аформіў неабходныя дакумэнты на адвод зямельнага ўчастка і на права пажыцьцёвага спадчыннага валоданьня для будаўніцтва жылога дома, хоць дачка пражывала ў Гомелі і ў жыльлі ня мела патрэбы.

Пасьля афармленьня правоў на ўчастак чыноўнік пачаў будаўніцтва, выкарыстоўваючы рабочых і транспарт аднаго з прадпрыемстваў горада.

Пракурорам Веткаўскага раёна ў дачыненьні да падазраванага распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 424 КК (наўмыснае насуперак інтарэсам службы зьдзяйсьненьне службовай асобай з карысьлівай ці іншай асабістай зацікаўленасьці дзеяньняў з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў, што пацягнула прычыненьне істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян, дзяржаўным ці грамадзкім інтарэсам).

Крымінальная справа накіраваная ва ўпраўленьне Сьледчага камітэта па Гомельскай вобласьці для арганізацыі расьсьледаваньня.