Забытыя і занядбаныя

Габрэйскія могілкі. Клімавічы

На Магілёўшчыне ў заселеных некалі пераважна габрэямі паселішчах бяз догляду занепадаюць габрэйскія могілкі.
Нешматлікія цяпер габрэйскія грамады ня ў стане як мае быць падтрымліваць на іх парадак. Мясцовыя габрэі заяўляюць, што на просьбы дапамагчы ўлада адгукаецца не заўжды і зь неахвотаю. Тым часам могілкі зарастаюць, дзе-нідзе на пахаваньні скідаецца сьмецьце, а ўнікальныя старыя надгробкі разбураюцца. Пра стан могілак у Крычаве, Клімавічах ды Хоцімску.

На габрэйскіх могілках у Крычаве багата старых надмагільляў вывернутыя зь зямлі і паламаныя. Нямала магілаў зарасьлі хмызьняком. Некаторыя схаваліся ў густым бузоўніку. Заняпад асабліва відавочны на ўскрайку кладоў — на мяжы стромкага схілу рова. Тут на магілах звалена сьмецьце.

Прыбіраць могілкі спрабуюць. Там, дзе яны падыходзяць да хат, трава выкашаная.

«Вы ж бачылі, што там трава выкашаная. Гэта я дабіўся праз райвыканкам. Столькі нэрваў парваў. Было такое, што надмагільны камень вывернулі зь зямлі і кінулі пасярод дарогі, і я тры дні званіў, пакуль не прыехалі працаўнікі і гэты камень не ўкапалі ў зямлю», — кажа крычаўскі габрэй Генадзь.

Габрэйскія могілкі. Крычаў



У Крычаве ад шматтысячнай некалі габрэйскай грамады засталося паўсотні чалавек. Бальшыню магілаў — а некаторыя датуюцца канцом 19 стагодзьдзя — няма каму даглядаць. Жыхарка райцэнтру Галіна цьвердзіць, што дамагалася, каб раённая ўлада і камунальныя службы дапамагалі прыбіраць могілкі, але цяпер кінула гэты занятак:

«Я ўжо да кіраўніцтва «Камунальніка» не хаджу. Мне надакучыла туды хадзіць. Я стамілася. Там зьмяніўся ўжо трэці ці чацьвёрты дырэктар. Гэта яны павінны прыбіраць могілкі. Колькі ж можна язык аб зубы біць? Тыя, хто зьехаў у Ізраіль, плацяць грошы некаторым людзям, і тыя прыбіраюць магілы, але ёсьць старыя пахаваньні. Ім невядома колькі гадоў і невядома, чые яны. Гэта праца «Камунальніка».

Габрэйскія могілкі. Крычаў



У прадпрыемстве «Камунальнік» заявілі, што рэгулярна прыбіраюць могілкі, але даць рады сьмецьцю, якое скідаецца ў роў і на суседнія магілы, не заўжды могуць.

«Так, можа, некаторыя камяні, на якіх надпісы, і ўяўляюць сабой даволі вялікі гістарычны інтарэс, але яны ў тым стане, у якім ёсьць. Мы рэгулярна наводзім парадак на могілках. Некалькі разоў намагаліся вычысьціць роў, але людзям здаецца, што калі ёсьць роў, то гэта прыродная звалка», — цьвердзіць супрацоўнік «Камунальніка».

У райцэнтры Клімавічы засталося меней за трыццаць габрэяў. Нашы могілкі зарастаюць, кажа жыхарка райцэнтру Рыта.

«Ніхто могілкі нашы не даглядае. Травы — мора. Туды не прайсьці. Нават прыяжджалі людзі з Ізраілю, дык хадзілі ў райвыканкам скардзіліся. Я ж не магу, напрыклад, усе могілкі прыбраць. У мяне пяць магілак сваіх. Ну, магу яшчэ суседзкія прыбраць. Хрысьціянскія могілкі — іх жа прыбіраюць. Дык што, калі габрэйскія могілкі, тут габрэі, то яны непатрэбныя?»

У мясцовым прадпрыемстве «Камунальнік» словы спадарыні Маргарыты абвяргаюць. Заяўляюць, што на могілках парадак. Паабяцалі агледзець іх яшчэ раз.

Габрэйскія могілкі. Клімавічы



Сёньня клімавіцкі журналіст Сяргей Аржанцаў наведаўся на габрэйскія могілкі:

«Я хаджу па могілках — тут трава і праўда вялікая. У некаторых месцах нават па пояс. Кустоўе, трава — нельга нават прайсьці паміж магіламі. Крапівы шмат. У асобных месцах купы сьмецьця згорнутыя. Агароджы некаторыя зьмятыя. Па бакох могілак надгробныя камяні — толькі верх відаць. Тое, што тут робіцца, — гэтак не павінна быць».

У некалі спрэс габрэйскім Хоцімску габрэяў засталася жменька. Габрэйскія могілкі агароджаныя старым плотам — і гэта ўсё, што зроблена для іх, кажа жыхарка райцэнтру спадарыня Любоў:

«Калі нехта ёсьць са сваякоў, то даглядаюць, а так ніхто не даглядае. Сваякоў тут у Хоцімску дужа мала. Двое ці трое разам са мной. Надгроб’яў старых было дужа шмат, але іх бралі на фундамэнты дамоў. Цяпер іх ёсьць троху — паўкругам такой формы. У нас яшчэ ёсьць помнік ахвярам гета. Тут расстралялі больш за сямсот чалавек. Іншым разам там вучні нешта прыбіраюць, калі трэба, а так і там усё зарастае».

Стараста магілёўскай сынагогі Сымон Глазштэйн прызнае, што габрэі павінны найперш самі дбаць пра свае могілкі, але іх у Беларусі ўсё меней. Таму захаванасьць ня толькі могілак, але й усёй габрэйскай спадчыны — абавязак беларускага грамадзтва і дзяржавы:

«І ня толькі могілкі, а і тое, што засталося ад будынкаў сынагог ды малітоўных дамоў, асабліва ў тых месцах, дзе габрэі зьніклі не таму, што зьехалі, а таму, што іх забівалі ў гады вайны. Усё гэта клопат і боль дзяржавы і грамадзтва. Ратаваць гэта трэба, бо бяз памяці — будучыня будзе пустой і бессэнсоўнай».