П’яны двойчы — згубіш аўто

У Беларусі плянуюць увесьці канфіскацыю аўтамабіляў за паўторнае цягам году кіраваньне транспартным сродкам у стане алькагольнага ап’яненьня.
Пра гэта заявілі ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Там рыхтуюць законапраект аб узмацненьні адказнасьці за кіраваньне аўтамабілем у п’яным стане.

Пад прапанаваную норму законапраекту падпадаюць фізычныя і юрыдычныя асобы. У адпаведнасьці з законапраектам прапануецца павялічыць штрафы за кіраваньне транспартным сродкам у стане алькагольнага ап’яненьня — да 100 базавых велічынь. Цяпер максымальны штраф за такое правапарушэньне — 3,5 млн рублёў.

Праект таксама прадугледжвае павелічэньне тэрмінаў пазбаўленьня волі за ўчыненае ў стане ап’яненьня ДТЗ, у якім загінулі 2 і больш чалавек, — ад 4 да 10 гадоў.

Канфіскацыя ня будзе датычыць выпадкаў, калі машыну ўзялі без дазволу альбо ўгналі.

Законапраект могуць прыняць ужо на восеньскай сэсіі Палаты. У законную сілу ён уступіць праз 3 месяцы пасьля апублікаваньня.

Ці падтрымліваеце вы такія зьмены ў закон? Выказвайцеся ў камэнтарах.



Паганяйла: Прымаць дурныя законы можна, але як іх выконваць?


Юрыст Гары Паганяйла лічыць, што заканадаўчая навацыя, каб канфіскоўваць аўтамабілі ў п’яных кіроўцаў, парушае маёмасныя правы іхніх сем’яў, а разам з тым як сродак у барацьбе з п’янствам за рулём яна будзе неэфэктыўная:

Гары Паганяйла

«Тут ёсьць супярэчнасьць Канстытуцыі, якая замацоўвае права на прыватную ўласнасьць як аснову дабрабыту грамадзян. Як правіла, аўтамабілі маюць дарослыя людзі, зь сем’ямі, машыны зьяўляюцца супольна нажытай у шлюбе маёмасьцю, таму канфіскаваць іх будзе складана. Узьнікнуць працэдурныя пытаньні. Падобныя дурныя законы прымаць можна, але як іх потым выконваць? Таму я супраць такой санкцыі, як канфіскацыя аўтамабіля».

Гары Паганяйла сумняецца, што дзяржава будзе канфіскоўваць і службовыя машыны, трактары, камбайны, якія належаць не грамадзянам, а арганізацыям і калгасам, кіроўцы якіх будуць злоўленыя п’янымі.

З другога боку, такі захад не прынясе жаданага выніку, бо паўплывае толькі на дзеяньні асобных грамадзян, перакананы Гары Паганяйла:

«Гэта неразумная мера, якая цягне за сабою масу клопатаў і не выключае тых парушэньняў, ад якіх хочуць такім строгім законам засьцерагчыся. Таму нашым заканадаўцам трэба добра падумаць, вывучыць практыку суседніх краін і не рабіць таго, што не патрэбна».

Юрыст лічыць, што п’янства за рулём павінна карацца іншымі сродкамі, але найперш трэба спыніць палітыку спойваньня насельніцтва, калі дзяржава значную частку даходаў атрымлівае ад акцызаў на алькагольныя напоі.