Юрась Бушлякоў: «Мова — жывая!» (10)

Czech Republic/Belarus - Journalist of Radio Svaboda Juras Bushlakou died 04 June, 2013, photo Prague, 10Jul2010.

Аўтар сабраў матэрыял у тэматычныя разьдзелы: артаэпія, будова фразы, будова слова, формы слова, націск, выбар слова, выразы, фраземы, прыказкі.

Сёньня мы друкуем тры прыклады з розных разьдзелаў.

Заяўку на кнігу можна прысылаць ужо зараз — паведамце ў ёй паштовы адрас, на які можна даслаць кнігу. Прысылайце заяўку на адрас паштовая скрынка 111 Менск 5, індэкс 220005 электронны адрас — svaboda@rferl.org.


БУДОВА СЛОВА

Выканаўца абавязкаў

Як называем па-беларуску чалавека, які што-небудзь выконвае? Часта ў нас у гэтым выпадку проста ідуць ад расійскае формы на -ющ (исполняющий), капіююць яе і ўжываюць слова выконваючы. Прыкладам, гавораць, што нехта — выконваючы абавязкі старшыні або дырэктара. Пры такім ужываньні слова выконваючы выступае ў функцыі назоўніка. Адсюль заканамернае пытаньне: ці ня варта нам у функцыі назоўніка выкарыстаць уласна назоўнік, а ня форму дзеяслоўнай будовы?

У нашай мове ёсьць цэлы шэраг самых звычайных, традыцыйных, з тыповай структураю, назоўнікаў, якія якраз і адпавядаюць формам дзеепрыметнікавай будовы ў іншых мовах, скажам, у расійскай. Напрыклад, той, хто верыць, — вернік, хто нападае, — нападнік, хто чакае, — чакальнік. Нарматыўныя слоўнікі чалавека, які выступае, рэкамэндуюць называць выступоўцам, не выступаючым, а якраз-такі выступоўцам. Паралельна з выступоўцам ужываюцца й іншыя вытворныя ад дзеяслова выступаць назоўнікі — скажам, выступанец або выступальнік.

Гэта вельмі сымпатычная тэндэнцыя — на месцы кáлек, аманімічных дзеепрыслоўям, мы скарыстоўваем адназначныя назоўнікі, рацыянальна аддаем тым самым перавагу сродкам, словаўтваральным мадэлям, якія ў большай ступені характэрныя для нашае мовы. Вось жа, тое самае трэба рабіць і ў выпадку, калі называем чалавека, які нешта выконвае. Такі чалавек — выканаўца. Напрыклад, выканаўца абавязкаў або выканаўца жаданьняў. Трэба проста не завужаць ужываньня слова выканаўца. Нашто нам калька там, дзе спраўляецца добра ўсім знаёмае, блізкае ўсім слова?

Your browser doesn’t support HTML5

Жывая мова. Выканаўца абавязкаў


ФОРМЫ СЛОВА

Дасі, дамо / дадзім, дасьц(е/ё); ясі, ямо / ядзім, ясьц(е/ё)

Даць і есьці — да цяперашняга часу гэтыя два дзеясловы ў асноўным захавалі свае старажытныя формы: я дам, ты дасі, ён есьць, мы ямо, вы ясьце.

Нарматыўнасьці формаў другой асобы дасі, ясьце або ясьцё пад сумнеў ня ставілі і ня ставяць — як вынік, гэтыя формы адносна стабільна ўжываюцца ў сучасным маўленьні. А вось формы першай асобы множнага ліку ямо і дамо ў савецкую пару выціскаліся на пэрыфэрыю літаратурнае мовы. Акадэмічныя граматыкі зводзілі іх да рэгіянальных.

Вядома, у ХХ стагодзьдзі формы ямо і дамо ўжо не былі характэрныя для ўсёй прасторы беларускай народна-дыялектнай мовы, арэал іх ужываньня звузіўся да паўднёва-заходняга дыялектнага масіву, а таксама — фрагмэнтарна — сярэднебеларускіх гаворак. Тым ня менш у нашай маладой на пачатку мінулага стагодзьдзя новай літаратурнай мове такія формы сталі рэгулярнаю зьяваю. Згадаю хаця б добра знаёмую Цётчыну «Прысягу над крывавымі разорамі». «Мы — дамо! Мы — сіла! Мы — права!» — гучыць сыноўскае прысяганьне старому Мацею. Ёсьць форма дамо ў Коласа і Купалы, у Брыля і Быкава, у Адамчыка і Гілевіча... Хіба ж можна пасьля гэтага залічаць форму да дыялектных, ігнараваць яе ў нарматыўных слоўніках?

Вось жа, запомнем: поруч з пазьнейшымі формамі першай асобы множнага ліку ядзім і дадзім ёсьць паўнапраўныя, сьцьверджаныя традыцыяй літаратурнага ўжываньня ямо і дамо. Ня боймася таксама ўжываць старажытныя формы і ў дзеясловах, вытворных ад даць і есьці: мы ямо, даямо, зьямо, пад’ямо, паямо; мы дамо, аддамо, дадамо.

Your browser doesn’t support HTML5

Жывая мова. Дасі, дамо, ясі, ямо


ВЫБАР СЛОВА

Урэшце, нарэшце, канец канцом, канец канцоў, надосталь, наапошку

У сучасным беларускім маўленьні даволі рэгулярна чуем спалучэньне у рэшце рэшт. Часам, праўда, гэтае спалучэньне крытыкуюць — некаторыя аўтары зьвяртаюць увагу на яго штучнасьць, калькаванасьць, адзначаюць «перапісанасьць» названай беларускай фразэмы з расійскага ўстойлівага спалучэньня в конце концов. Як ставіцца да такіх ацэнак? Ужываць, нягледзячы ні на што, канструкцыю у рэшце рэшт ці, можа, аддаваць перавагу больш характэрным для нашае мовы сродкам?

У слоўніках беларускае дыялектнае мовы мне не ўдалося знайсьці спалучэньня у рэшце рэшт. Мяркуючы з усяго, гэтая фразэма — прадукт першае паловы ХХ ст., прадукт, які ўзьнік у прасторы літаратурнага маўленьня. У жывой народнай мове на месцы кніжнага спалучэньня у рэшце рэшт выступалі й выступаюць як паасобныя словы, так і словазлучэньні.

Пачаць пералік традыцыйных адпаведнікаў трэба з прыслоўяў урэшце ([урэс’ц’э]) й нарэшце ([нарэс’ц’э]) — абодва яны паходзяць ад слова рэшта, вытокі якога ў лацінскай мове, у дзеяслове restare ‘заставацца’. Гаворым, напрыклад: урэшце мы сустрэліся, нарэшце ён прыйшоў. Каб падкрэсьліць, што ў канчатковым выніку мы ўсё ж сустрэліся, а ён прыйшоў, нам даволі словаў урэшце або нарэшце. Вартыя пашырэньня ў літаратурнай мове й роўныя з памянёнымі прыслоўямі паводле сэнсу спалучэньні канец канцом і канец канцоў. «І ты канец канцом паварушы глуздамі», — запісаў на Меншчыне мовазнаўца Фёдар Янкоўскі. У сваёй кнізе «Беларуская фразеалогія» (Мн., 1968) Янкоўскі падаў таксама ілюстрацыі ўжываньня названых выразаў, выбраныя з запісаў фальклярыста, этнографа Міхала Федароўскага: «Дык ён круціў, муціў, але такі канец канцом мусіў прызнацца. Усё ж канец канцоў дадумаліся».

І яшчэ на два словы хацеў бы зьвярнуць увагу — каб наш сынанімічны рад быў паўнейшы. Маю на думцы прыслоўі надосталь (надосталі) і наапошку — ясная рэч, на сёньня яны сярод рэзэрваў літаратурнае мовы. Формы надосталь і надосталі зафіксаваў у знакамітым слоўніку беларускае мовы Іван Насовіч (да прыкладу, надосталь прызнаўся — значыць, урэшце, канец канцом прызнаўся). У сваю чаргу зусім празрыстае слова наапошку — з эміграцыйнае моўнае практыкі: знаходзім яго ў творах паасобных беларускіх літаратараў-эмігрантаў. «Спачатку прабаваў Бурак кпіць з кабеты, пасьля дакараць, а наапошку й зусім узлаваўся. Наапошку не было ўжо чым плакаць: перасохлі сьлёзы», — гэтыя два сказы я выпісаў з трылёгіі Кастуся Акулы «Гараватка».

Такім чынам, поруч з кніжна-калькаваным у рэшце рэшт маем цэлы шэраг роўных значэньнем словаў і словазлучэньняў — прапанаваны тут пералік, натуральна ж, не прэтэндуе на вычарпальнасьць. Найперш не забываймася ў нашым выпадку на прыслоўі ўрэшце й нарэшце — аддавайма ім перавагу. Пры гэтым шанец у літаратурным ужытку можна, думаю, даваць і рэзэрвовым пакуль адпаведнікам: канец канцом, канец канцоў, надосталь, наапошку.