Лукашэнка прызначыў памочнікаў

Адміністрацыя прэзыдэнта

Памочнікам прэзыдэнта па эканамічных пытаньнях прызначаны Кірыл Руды.

Прызначаючы яго на пасаду, кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка патлумачыў, што Руды «цудоўна ведае сфэру эканомікі, дзейнасьць і дзяржаўнага, і прыватнага сэктару, а таксама мае вопыт працы ў КНР».

Паводле Лукашэнкі, Беларусь цікавяць працэсы, якія адбываюцца ў КНР, і кітайскі досьвед, перадае Інтэрфакс са спасылкай на прэзыдэнцкую прэс-службу.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» эканаміст Леанід Заіка сказаў карэспандэнту Свабоды, што ня ведае такога прафэсійнага эканаміста:

«Я ніколі нічога пра яго ня чуў, то бок гэта прафэсійны серадняк. Ён невядомы. Хутчэй за ўсё, гэта нейкая фігура для заняцьця такой пасады. Паколькі ён займаўся крэдытнымі і фінансавымі пытаньнямі ў Кітаі, то лёгіка – наблізіць да сябе эканаміста, які жыў у Кітаі, – можа, і мае сэнс. Але на прэзыдэнцкім роўні павінен быць ня нейкі расказчык пра нейкае жыцьцё ў нейкай краіне, а павінен быць прафэсійны эканаміст. Але я такога прафэсійнага эканаміста ня ведаю».

Таксама Лукашэнка прызначыў сабе памочнікаў: Дзьмітрыя Габорава і Ўладзімера Даманеўскага. Яны будуць інспэктарамі па Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях.

Лукашэнка адзначыў, што наўмысна адпраўляе ў гэтыя вобласьці людзей, якія «не знаёмыя блізка з працай гэтых рэгіёнаў, з той мэтай, каб не было кругавой парукі, каб інспэктар ніяк ня быў зьвязаны з кіраўніцтвам вобласьці».

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб некаторых пытаньнях дзейнасьці Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь». У адпаведнасьці зь ім колькасьць чыноўнікаў прэзыдэнцкай адміністрацыі мае скараціцца на 25%. Адмыслоўцы заяўляюць, што скарачэньне чыноўніцкага апарату адбываецца галоўным чынам на паперы.