Адзіны від раку, які можна прадухіліць

Праява папілёмавірусу чалавека

Днямі зорка Галівуду Майкл Дуглас, які пакутуе на анкалягічнае захворваньне, зрабіў сэнсацыйную заяву: рак горла ён зьвязаў з аральным сэксам.
Папілёмавірус чалавека да нядаўняга часу стаяў у сувязі зь вялікай жаночай праблемай — ракам шыйкі маткі. Але два гады таму амэрыканская прафэсарка Мора Джылісан правяла сур’ёзныя дасьледаваньні, якія давялі, што гэтая праблема тычыцца і мужчын. Некалькі гадоў таму ў Вялікай Брытаніі і ЗША зьявіліся вакцыны, якія павінны абараніць жанчын ад раку шыйкі маткі і, як мяркуецца, ад раку ротавай поласьці.

Ці ёсьць такія вакцыны ў Беларусі, ці маюць магчымасьць беларускія жанчыны самі засьцерагчыся ад сур’ёзнай хваробы і тым самым зьнізіць верагоднасьць раку галавы і шыі ў мужчын.

Рак шыйкі маткі — адзінае інфэкцыйнае захворваньне сярод усіх анкалягічных. Выклікае яго вірус папілёмы чалавека (ВПЧ). За адкрыцьцё гэтага вірусу, якое адбылося яшчэ ў 1960-х гадах, нямецкі навуковец Гаральд цур Гаўзэн атрымаў у 2008 годзе Нобэлеўскую прэмію па фізіялёгіі і мэдыцыне.

Папілёмавірус выклікае зьмену характару росту тканак. Узьнікае дабраякасная пухліна, якая можа ў пэўных умовах ператварыцца ў злаякасную, у рак. Ёсьць ня менш як 100 варыянтаў гэтага вірусу, ён можа месьціцца ў розных частках цела і па-рознаму праяўляецца, часам — у выглядзе бародавак, кандылёмаў, часам — бязь зьнешніх сымптомаў. Што да раку шыйкі маткі, навукоўцы адпачатку прызнавалі, што яго выклікае менавіта ВПЧ.

Майкл Дуглас

І вось Майкл Дуглас зьвязаў свой рак з аральным сэксам: «Не паленьне і не алькаголь выклікалі ў мяне захворваньне. Я думаю, што прычына ў аральным сэксе і вірусе папілёмы чалавека», — прызнаўся 68-гадовы Майкл Дуглас у інтэрвію брытанскай газэце The Guardian.

Навукоўцы і лекары гэта пацьвярджаюць: рэзкі рост выпадкаў раку горла тлумачыцца вірусам папілёмы, які перадаецца пры аральным сэксе.

Загадчык анкагінэкалягічнага аддзяленьня РНПЦ анкалёгіі і радыяцыйнай мэдыцыны імя Аляксандрава, кандыдат мэдычных навук Сяргей Маўрычаў кажа:

«Тут нічога новага няма, і Майкл Дуглас ніякай Амэрыкі не адкрыў. Гэта ўжо вядома дастаткова даўно. І што да пухліны галавы і шыі — раку гартані ў тым ліку, то калі пры раку шыйкі маткі на сёньняшні дзень даказана, што на 100% вінаваты вось гэты вірус папілёмы чалавека, супраць якога распрацаваныя вакцыны, то пры пухлінах галавы і шыі ў 40% выпадкаў вінаваты вось гэты вірус».

Ракавыя клеткі



Два гады таму прафэсарка Мора Джылісан з унівэрсытэту штату Агаё (ЗША) у сваіх дасьледаваньнях прыйшла да высновы, што рост раку поласьці рота ў амэрыканскіх мужчын на 225% ня можа тлумачыцца наступствамі спажываньня тытуню і віскі, бо гэты паказчык апошнім часам нават упаў. Прычына — у росьце распаўсюджанасьці аральнага сэксу. Прычым хвароба часьцей здаралася ў людзей, якія ў мінулым займаліся аральным сэксам з шматлікімі партнэрамі. Дасьледаваньні, праведзеныя ў ЗША, паказалі, што гэты тып раку здараецца ў іх у восем разоў часьцей. Да аналягічных высноваў паралельна прыйшлі і эўрапейскія навукоўцы. The Guardian паведаміла, што ў Брытаніі колькасьць выпадкаў раку поласьці рота ў мужчын з 1989 году вырасла на 50%.

Мэдык па адукацыі, прадстаўніца вядучай замежнай фармакалягічнай кампаніі ў Беларусі выказвае такое меркаваньне:

«Ты хоць пяць каханак май... Але справа ў тым, што гэты вірус папілёмы
даказана, што 80% насельніцтва ім інфікавана
чалавека — вельмі распаўсюджаны. І даказана, што 80% насельніцтва ім інфікавана. Але ня ў кожнага інфікаваньне гэтым вірусам прывядзе да разьвіцьця раку. І даказана, што ў большасьці інфікаваных гэта праходзіць незаўважна. А ў пэўнага адсотка вірус спараджае рак. У жанчын — рак шыйкі маткі, і для жанчын гэты вірус больш злаякасны, чым для мужчын. Калі браць статыстыку, у Беларусі кожны дзень прыкладна дзьве жанчыны паміраюць ад раку шыйкі маткі. Таму першапачаткова ўздымалася праблема прафіляктыкі раку шыйкі маткі менавіта ў жанчын».

Штогод у сьвеце рэгіструецца 500 тысяч новых выпадкаў раку шыйкі маткі і 250 тысяч жанчын памірае ад гэтай хваробы. У Беларусі на рак шыйкі маткі штогод захворваюць да 1 тысячы жанчын. Замежныя навукоўцы на пачатку 2000-х гадоў вынайшлі вакцыны, якія могуць засьцерагчы ад раку шыйкі маткі.

У Беларусі афіцыйна зарэгістраваныя два прэпараты: цэрварыкс (вытворчасьці брытанскай кампаніі GlaxoSmithKline) і гардзісіл (амэрыканскай кампаніі Merck & Co). Анкагінэколяг Сяргей Маўрычаў тлумачыць:

«Гэтыя вакцыны ў нашай краіне ёсьць, яны дазволеныя. Больш за тое, Міністэрствам аховы здароўя дазволена добраахвотная вакцынацыя дзяўчатак. У кожнай дзіцячай паліклініцы, у кожнай жаночай кансультацыі гэтыя вакцыны ёсьць, і кожны ахвотны можа прышчапіць сябе і сваё дзіця. Наколькі жанчыны дасьведчаныя? Хто цікавіцца, той пра гэта ведае».

Абедзьве вакцыны — і цэрварыкс, і гардзісіл, — рэцэптурныя прэпараты. Іх выпісаць можа толькі лекар на просьбу жанчыны. Прадстаўніца адной зь вядучых замежных фармакалягічных кампаній, якія працуюць на беларускім рынку, распавяла, што на ўзроўні Міністэрства аховы здароўя разглядалася пытаньне, каб унесьці ў так званы каляндар абавязковых прышчэпак для дзяўчатак вакцынацыю супраць раку шыйкі маткі, але пакуль ня выйшла:

«Але паколькі і адна, і другая вакцыны даволі дарагія, трэба зрабіць 3 дозы,
курс вакцынацыі абыходзіцца ад 200 да 400 даляраў
і курс вакцынацыі абыходзіцца ад 200 да 400 даляраў, дзяржава ня можа іх закупіць. То бок гэта толькі па жаданьні саміх жанчын, у якіх ёсьць сродкі ці мама хоча дачку прышчапіць. Ёсьць паказаньні і для мужчын, але яны больш тычацца так званых кандылёмаў генітальных, якія, у прынцыпе, не прыводзяць да разьвіцьця раку, гэта чыста эстэтычная праблема».

Вядучы спэцыяліст у анкагінэкалёгіі, кандыдат мэдычных навук Сяргей Маўрычаў — прыхільнік вакцынацыі.

«Калі ўлічыць, што ў заходніх краінах гэтая вакцынацыя дзяўчатак уваходзіць у каляндар абавязковых прышчэпак (за кошт дзяржавы ці за кошт страхавых кампаній), гэта азначае, што яны ўжо зрабілі выснову, што гэтыя вакцыны эфэктыўныя, з 2006 году яны працуюць. Таму калі казаць пра прасунутых мэдработнікаў, то яны за вакцынацыю».

У ЗША, Брытаніі, некаторых іншых краінах абавязкова робяць прышчэпкі ўсім дзяўчаткам у падлеткавым веку з 2006 году. Брытанскія мэдыкі, да прыкладу, тады абмяркоўвалі, ці трэба вакцынаваць хлопчыкаў, якія могуць стаць пераносчыкамі вірусу, а пакутаваць ад гэтага будуць жанчыны, распавядае анкагінэколяг Сяргей Маўрычаў:

«Яны тады прызналі гэта нерэнтабэльным. Чаму? Таму што імунная праслойка жанчын ствараецца, і вірус, які выклікае рак, быццам бы цыркуляваць ня будзе. А цяпер, перагледзеўшы гэта і атрымаўшы дадзеныя, што ў 40% выпадкаў пухлінаў галавы і шыі ў мужчын прычына запуску хваробы — ВПЧ, яны ўжо другі год прышчапляюць хлопчыкаў таксама».

У Беларусі ў хуткім часе пачнецца пілётны праект па дыягностыцы раку шыйкі маткі з выкарыстаньнем ПАП-тэсту, які рэкамэндуецца Ўсясьветнай арганізацыяй аховы здароўя. Пакуль сыстэму скрынінгу плянуецца апрабаваць у дзьвюх паліклініках Менску. Навукоўцы ж сьцьвярджаюць, што скрынінг эфэктыўны, калі ён ахоплівае ня менш за 80% насельніцтва краіны. Ну, а пакуль беларускія мэдыкі раяць рабіць прышчэпкі.

Прадстаўніца замежнай фармакалягічнай кампаніі ў Беларусі выказала такое меркаваньне:

«Я — за. Калі мы можам зьнізіць рызыку хоць на некалькі адсоткаў, і ў жыцьці столькі небясьпекі, — тое, на што мы можам паўплываць, лепш зрабіць.
калі дзяўчатак усіх прышчапляць у 12–14 гадоў, да палавога дэбюту, то можна ўвогуле пазбавіцца ад раку шыйкі маткі
Небясьпекі ад прышчэпак я асабіста як лекар ня бачу. Усё, што тычыцца нейкіх плётак пра рэакцыі, хваробы — гэта ад недахопу інфармацыі, ад неадукаванасьці. І ўвогуле, палічана, што калі дзяўчатак усіх прышчапляць у 12–14 гадоў, да палавога дэбюту, то можна ўвогуле пазбавіцца ад раку шыйкі маткі».

Практыкуючы анкагінэколяг Сяргей Маўрычаў кажа, што прышчапляцца павінны здаровыя людзі, бо гэта прафіляктычная вакцына.

«Рэкамэндуецца рабіць вакцынацыю дзяўчаткам ад 9 да 13 гадоў — да пачатку палавога жыцьця, каб выпрацаваўся імунітэт. У прынцыпе, прышчапляцца можна ў любым узросьце. Але вельмі важна, каб не было гэтага вірусу і не было нейкіх перадпухлінных зьменаў, якія выклікаў гэты вірус».

Мэдыкі сьцьвярджаюць, што рак шыйкі маткі прадухіліць лягчэй, чым любы іншы від анкалёгіі. Тым ня менш гэтае захворваньне застаецца на другім месцы ў сьвеце па распаўсюджанасьці сярод анкалягічных захворваньняў у жанчын (пасьля раку малочнай залозы). Да таго ж, паводле статыстыкі, ад чвэрці да траціны выпадкаў захворваньня ракам ротавай поласьці выклікаюцца менавіта вірусам папілёмы чалавека.