Генадзь Бураўкін: «Васіль быў рэдкім па шчырасьці сябрам»

Пра Васіля Быкава прыгадвае ягоны сябра, паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін.
«Для мяне Васіль Быкаў па-ранейшаму жывы. Ён часта прыходзіць да мяне, хоць і ў сьне, засяроджаны і ўсьмешлівы, маўклівы і самотны. Я і сёньня раз-пораз азіраюся на яго ў нашым сумятлівым і жорсткім жыцьці, і з часам ён не аддаляецца, а наадварот, набліжаецца да мяне, пазбаўляючыся выпадковай бытавой драбязы і ўсё больш набываючы мудрасьці і мужнасьці, відавочна робячыся ўзорам і настаўнікам.

Што ж галоўнае бачыцца мне ў жыцьці і творчасьці Быкава?

Перш за ўсё — ягоны яркі талент і самаахвярнае служэньне праўдзе. Менавіта гэтыя яго якасьці вымушалі ў савецкі час самых высокіх чыноўнікаў аддаваць яму, нязручнаму і не любімаму, афіцыйныя знакі дзяржаўнай увагі. Менавіта яны ў нашы дні прымушаюць яшчэ больш прымітыўных і нахабных палітычных дзялкоў мірыцца з тым, што выходзяць, хай і зусім ня часта, ягоныя кнігі, здымаюцца, хай і ня ў Менску, мастацкія фільмы па ягоных аповесьцях.

Праўда, не паставілі вялікаму беларусу помнік, не назвалі ягоным імем вуліц і плошчаў, як гэтага хацелі інтэлігенты беларускія, як гэтага хацелі сотні тысяч землякоў, якія паставілі свае подпісы пад зваротам у дзяржаўныя ўстановы. Ну што ж, як кажуць у нас: перажылі блякаду — перажывем і так званы росквіт. Любоў народная да Быкава зусім ад гэтага ня зьменшыцца, а вось аўтарытэт нашай самаўпэўненай улады ва ўсім сьвеце прыкметна і надоўга пахісьнецца.

І яшчэ адну істотную рысу характару і паводзін Васіля Быкава хачу абавязкова адзначыць — надзвычайную чалавечую годнасьць. Ён падкрэсьлена спакойна і цярпліва прымаў і незаслужаную аглабельную крытыку сваіх твораў, і бляск шчодрых узнагарод, якімі крамлёўскія кіраўнікі ў апошнія гады свайго валадараньня нібы спрабавалі адкупіцца перад ім за шматгадовую несправядлівасьць і адкрыты перасьлед. Ох, як не хапае быкаўскай годнасьці многім сёньняшнім літаратарам і палітыкам!

І ўжо зусім асабістае. Васіль быў рэдкім па шчырасьці і вернасьці сябрам. І ў хвіліны радасьці, і ў хвіліны адчаю ён ніколі не забываў патэлефанаваць ці напісаць, і спагада і дабрыня ягоныя былі такімі натуральнымі і простымі, што самі сабою супакойвалі душу. Я ня думаю, што ён не разумеў і вышыні свайго таленту, і глыбіні народнай любові да сябе, але ён ніколі гэтага не падкрэсьліваў, не выстаўляў напаказ, не ўзьнімаў сябе над іншымі.

Так што Васіль Быкаў для мяне — жывы, неабходны, абавязковы і для гісторыі роднай Беларусі, і для яе цяперашняга часу, і для будучыні. І трэба часьцей успамінаць яго, азірацца на яго, вучыцца ў яго».

Чэрвень з Быкавым

Чэрвень з Быкавым


Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому (Аўдыёкніга)

«Быкаў на Свабодзе» (PDF)