Жанчына ў вязьніцы: турэмныя спатканьні, турэмны сэкс, дзеці, народжаныя за кратамі.
У калёнію на сустрэчу з жонкай
Cяргей рыхтуецца да сустрэчы ў калёніі з жонкай Галінай. Ён ужо закупіў усё, што трэба для 30-кіляграмовай перадачы. Засталося набыць нейкіх прысмакаў на час трохдзённага спатканьня — ягадаў, садавіны, марозіва. На сустрэчы ў калёнію Сяргей езьдзіць ужо трэці год. Яшчэ праз тры гады скончыцца і тэрмін пакараньня.
Прысуд, які атрымала Галіна, — дзевяць гадоў пазбаўленьня волі. Столькі ж атрымаў і яе першы муж, зь якім яны праходзілі па адной справе. На сёньня Галіна адседзела шэсьць гадоў. Першы яе шлюб даў расколіну яшчэ да арышту. Праз пару гадоў, калі сужонцаў ужо разьмеркавалі па розных зонах, стала ясна, што ім нават і пісаць адно аднаму няма пра што. Сяргей — другі Галінін муж. Прымудрыліся неяк пазнаёміцца на этапе. Малады мужчына атрымаў тады два гады няволі. Пачалі ліставацца. Калі лісты ідуць з зоны ў зону, гэта заўсёды праблематычна. Але наладзілі сувязь праз волю. Пасьля адседкі Сяргей прыехаў да Галіны на кароткае спатканьне. Неўзабаве расьпісаліся. Муж імкнецца ўсяляк падтрымліваць жонку, як маральна, так і матэрыяльна. «Калі нашы блізкія за кратамі адчуваюць, што яны патрэбныя на волі, то і час у няволі ляціць нашмат хутчэй», — кажа ён. У сваю чаргу, Галіна амаль у кожным лісьце да мужа піша, якая яна шчасьлівая, бо нарэшце зразумела, што значыць жыць.
Для тых, хто далёкі ад турэмных рэаліяў, гэтая кароткая гісторыя — нібыта з сэрыялу «Санта-Барбара». Аднак кожны, хто сядзеў, скажа вам, што ў вязьніцах здараецца і не такое. Хоць і рэдка. На спатканьні з асуджанымі жанчынамі прыяжджаюць, як правіла, іх маці, радзей — бацькі. Сама рэдка — мужы, тым больш зь дзецьмі.
Паводле апублікаванай некалькі гадоў таму статыстыкі, паказчык наведваньня сваякамі зьняволеных жанчын складае максымум 7–8%, у той час як у мужчынскіх калёніях ён разоў у 10 вышэйшы.
«Навошта ім спатканьні, навошта?»
«Калі жонкі часьцей за ўсё чакаюць мужоў, то мужчыны — нашмат менш цярплівыя, — шчыра кажа Сяргей. — Чым даўжэйшы тэрмін, тым менш шанцаў захаваць адносіны». Ён тлумачыць гэта тым, што мужчыны доўга бяз сэксу ня могуць, а таму, калі жонка сядзіць за кратамі, найчасьцей яны заводзяць сабе новых спадарожніц жыцьця.
Сяргей перакананы, што працяглыя турэмныя спатканьні павінны быць усё ж значна часьцей, чым раз на паўгода. Таксама ён мяркуе, што права на працяглае спатканьне з блізкімі людзьмі павінны мець і так званыя халасьцякі.
Праваабаронца Алёна Красоўская-Касьпяровіч спасылаецца на досьвед швэдзкай пэнітэнцыярнай сыстэмы, дзе зьняволеныя, незалежна ад таго, у шлюбе яны ці не, могуць кожны тыдзень сустракацца ў турме з сваімі блізкімі.
«Калі казаць пра нашы працяглыя спатканьні да трох сутак (адзін-два-тры разы на год), — гэта абсалютна недастаткова. Тут жа магчымасьць кожны тыдзень сустракацца са сваімі сем’ямі. Наўпрост кажучы, ёсьць магчымасьць нейкай фізіялягічнай разрадкі, што таксама важна. Чалавек такім чынам пастаянна адчувае сувязь са сваімі роднымі. Да таго ж сваякі не павінны думаць, як і за што сабраць чарговую пасылку для сядзельца. Тут, у Швэцыі, дзе вязьні забясьпечаныя літаральна ўсім, такой праблемы проста няма».
Алёна Красоўская-Касьпяровіч, якая мае мэдычную адукацыю, мяркуе, што падобнае абмежаваньне спатканьняў, а таксама вымушаная адмова ад сэксу ў фэртыльным веку вядзе да парушэньняў гарманальнага цыклю, адбіваецца на псыхічным стане, стварае ў вязьніцах атмасфэру сэксуальнага напружаньня.
А вось меркаваньні ўдзельнікаў апытаньняў, якія «Свабода ў турмах», правяла на вуліцах Горадні ды Магілёва, побач з будынкамі мясцовых «крытак».
Наш гарадзенскі карэспандэнт запытаўся ў мінакоў: ці ня варта павялічыць колькасьць спатканьняў для зьняволеных? Ці ня трэба пераняць заходні досьвед, калі вязьняў, якія фармальна ня ў шлюбе, могуць наведваць сябры ці сяброўкі? Або ўсё ж ЗК трэба ізаляваць?
Your browser doesn’t support HTML5
Мінакам на вуліцах Магілёва было зададзена наступнае пытаньне: ці можа турма заглушыць сэксуальныя жаданьні асуджаных і ці шкодна гэта для іхнага здароўя?
Your browser doesn’t support HTML5
«Лесьбійскім каханьнем ахоплена больш за палову сядзеліц»
Паводле дасьледаваньняў мэдычных псыхолягаў з Маскоўскага навуковага цэнтру псыхічнага здароўя, якія праводзіліся ва ўстановах расейскай пэнітэнцыярнай сыстэмы, з-за адсутнасьці эмацыйных сувязяў ды тактыльных кантактаў з блізкімі жанчына ў турме «ламаецца» яшчэ хутчэй, чым мужчына. Жаночая псыхіка не вытрымлівае ўжо пасьля двух гадоў прымусовага адрыву ад сям’і, дому, родных, а ў мужчыны гэта здараецца пасьля трох-пяці гадоў. Нярэдка ў тых умовах замест сапраўднага пачуцьця жанчына, якая мае ў ім патрэбу, пачынае шукаць нейкі сурагат. Як лічаць расейскія дасьледчыкі, вымушаным лесьбійскім каханьнем ахоплена больш за палову сядзеліц турмаў.
Падобная карціна характэрная і для беларускіх жаночых папраўчых устаноў, кажа былая асуджаная Марына, якая адседзела два гады ў Гомельскай калёніі.
Марына: Мне падаецца, што многія маюць такія сувязі. Асабліва з тых, хто сядзіць паўторна ці доўга. Тыя, у каго кароткія тэрміны, могуць крыху толькі паспрабаваць падобнае каханьне. Хтосьці абыходзіцца ўвогуле бяз сэксу. Але сярод тых, хто сядзіць доўга, падобныя сувязі маюць больш за палову. Усе гэтыя стасункі ўзьнікаюць добраахвотна. Ніхто нікога ня гвалціць«.
Як кажа Марына, у жаночым турэмным сьвеце распаўсюджаныя два віды такога партнэрства.
Марына: «Першы — гэта так званыя „палавінкі“, якія ідэнтыфікуюць сябе як жанчыны і, адпаведна, па-дзявочаму выглядаюць. Другі від сувязі — калі партнэркі выконваюць жаночую і мужчынскую ролю. Гэтыя апошнія вельмі падобныя да мужчын. Калі я ўпершыню ўбачыла такую жанчыну ў камэры СІЗА, яна падумала, што да іх памылкова пасадзілі нейкага хлопца.
Гэтых жанчын называюць „каблы“, яшчэ — „кавыралкі“. Твары ў іх у шрамах, валасы кароткія, голас грубы. Ня ведаю, як такое атрымліваецца, што жанчына мяняецца цалкам. Яны аказваюць знакі ўвагі той ці іншай дзяўчыне. І гэта сапраўдная сямейная пара. Яны жывуць паасобку, харчуюцца паасобку. Так званы мужчына аберагае сваю каханку, раўнуе яе. Сцэны рэўнасьці праходзяць канкрэтныя, бойкі-спрэчкі. Тыя ж „каблы“, ведаю выпадкі, пасьля вызваленьня з зоны нярэдка рабілі ўсё, каб вярнуцца на яе. Бо там заставалася так званая жонка. Такое было моцнае каханьне. Калі абедзьве на волі, я гэта ведаю, яны працягваюць жыць разам.
Нярэдка пара сумесна выхоўвае дзіця адной з жанчын. Бывае, што і народжанае ў калёніі».
«Адкуль бяруцца дзеці?»
Паводле словаў Марыны, характэрныя для грамадзтва дэмаграфічныя праблемы ані не закранулі жаночых зонаў. Зэчкі нараджаюць зусім нярэдка.
Але адкуль у калёніі бяруцца дзеці, ад каго? — пытаюся ў маёй суразмоўцы. Як кажа Марына, жанчыны зацяжарваюць яшчэ на волі, акурат перад СІЗА. Некаторыя становяцца цяжарнымі яшчэ ў калёніі пасьля працяглых спатканьняў з мужамі. Бываюць і іншыя варыянты.
Марына: «Сэксуальныя сувязі з мужчынамі таксама ў нас на зоне здараліся. Напрыклад, з вольнанаёмнымі рабочымі. Калі ішла дзесьці будоўля. Але, праўда, падобныя выпадкі найчасьцей засякаліся. У выніку тых рабочых звальнялі, жанчыны атрымлівалі розныя штрафныя спагнаньні. Самы апошні момант: калі пры мне будавалася паліклініка, то дзяўчатам забаранялася нават блізка падыходзіць да тых рабочых, надзяваць кароткія спадніцы і такім чынам правакаваць мужчын. Наколькі ведаю ад саміх дзяўчат, спрабуюць уступіць у кантакт на фабрыцы з так званымі „хімікамі“. Спрабуюць арганізаваць званок, каб сустрэцца ў нейкіх падсобных памяшканьнях. Але апошнім часам на фабрыку набралі вельмі маладых і напалоханых, якія ад гэтых дзяўчат літаральна бягуць. Раней, як мне расказвалі зэчкі са стажам, у асобнай камэры можна было сустрэцца з мужчынам-вязьнем за 50 „у.е.“. Цяпер гэта практычна немагчыма — усё пад відэаназіраньнем».
Узгадваючы сядзеліц-«мамак», Марына кажа, што далёка ня кожнай зь іх знаёмыя мацярынскія пачуцьці. Дзяўчына лічыць, што вялікая частка гэтых асуджаных нараджае дзіця з каньюнктурных прычынаў, дзеля розных прывілеяў. Гэта прагулкі без абмежаваньняў на сьвежым паветры, палепшанае харчаваньне — малочныя прадукты, больш сьвежай гародніны і садавіны. Плюс рэгулярнае мэдычнае абслугоўваньне. Такое, праўда, можна сказаць пра зону. У СІЗА ж цяжарным нашмат складаней — яны жывуць, як і ўсе астатнія.
Марына: «Акрамя таго, некаторыя такія жанчыны як маці малых могуць нават разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае. Пры вызваленьні яны атрымліваюць матэрыяльную дапамогу — рэчы, грошы, цацкі. Самі ж, калі выходзяць, нярэдка проста кідаюць сваіх дзетак... Найчасьцей на вакзалах. Такое здараецца ў першыя гадзіны пасьля вызваленьня».
Як адзначаюць у сваіх дасьледаваньнях расейскія экспэрты-псыхолягі, вельмі рэдкія гісторыі турэмнага мацярынства маюць шчасьлівы канец. Сама сыстэма ў былых савецкіх рэспубліках пабудавана так, што для чалавека, які вызваліўся з турмы, няма аніякіх умоваў, каб знайсьці сабе хоць нейкае месца ў жыцьці. Таму звычайна былыя асуджаныя жанчыны, у якіх разьвітыя мацярынскія пачуцьці і якія нікому не зьбіраюцца аддаваць сваё народжанае ў вязьніцы дзіця, з настальгіяй узгадваюць на волі той час, праведзены разам з малым у калёніі. Няхай гэта была несвабода, але ў іх маленькай сям’і было ўсё неабходнае для існаваньня.
«Дзеткі-мамкі»
...Адзіны ва ўмовах беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы дом для дзяцей асуджаных мацярок быў заснаваны яшчэ ў 1961 годзе. Разьлічаны ён на малых ад нуля да трох гадоў. Месьціцца ў адным з шэрых будынкаў на тэрыторыі "чацьвёркі«.За час існаваньня Дома дзіцяці празь яго прайшло больш за дзьве тысячы дзетак. Зразумела, кожны год колькасьць малых выхаванцаў бывае рознай. Часам яна дасягае паўсотні. Часам істотна меней.
Наколькі мэтазгодна ўтрымліваць дзяцей ад самога іх нараджэньня ў турэмным «доме малюткі», ці ня лепш гэта рабіць у такой жа ўстанове на волі, пакуль ня выйдзе з-за кратаў маці? Такое апытаньне наша праграма правяла на вуліцах Гомеля.
Your browser doesn’t support HTML5
Знаёмы журналіст, які пабываў у гомельскай жаночай калёніі некалькі гадоў таму на Дні адчыненых дзьвярэй, адзначыў, што турэмны дом нагадвае прыватны дзіцячы садок. Сьцены пакояў размаляваныя казачнымі пэрсанажамі, у пакоях — драўляныя дзіцячыя ложкі. Ёсьць музычная заля і памяшканьні для гульняў, дзіцячы дворык з альтанкамі, клюмбы з кветкамі, пляцоўка з арэлямі. Усе праблемныя дзеткі, якія атрымалі ў спадчыну ад маці тыя ці іншыя хваробы, а такіх большасьць, — пад пільнай увагай нэўроляга, пэдыятра, мэдсястры, выхавацеляў. Іх стан здароўя паціху аднаўляецца.
Тады журналісту ўдалося пагутарыць і зь некаторымі мамамі. Адна зь іх, асуджаная Ала, у размове з калегам вельмі перажывала, як ёй балюча бачыць сваё дзіця за «калючкай». Ала зацяжарала ў калёніі падчас спатканьня з мужам. Спачатку той вельмі падбадзёрваў яе, пісаў, прыяжджаў. А потым зьнік. Кажуць, у яго зьявілася новая пасія. Ані дня, казала Ала, яе не пакідалі думкі, што жыцьцё дачкі пачынаецца з зоны.
Жанчына, аднак, была ўпэўненая, што ўсё ж паставіць дачку на ногі, дасьць ёй і выхаваньне, і адукацыю. Яна спадзявалася, што такога досьведу ў яе жыцьці больш ня будзе. Аднак і ўтойваць яго ад дачкі, казала, яна ня стане.
Цікава, як склаўся лёс гэтай мамы і яе дачкі? Ці разам яны цяпер?
Паводле мясцовай прадпрымальніцы Тацяны, якая некалькі гадоў дапамагала турэмнаму «дому малюткі» і зналася з жанчынамі з гомельскай «чацьвёркі», нічога ніколі прадказаць нельга.
Тацяна: «Зразумела, бывае па-рознаму. Ёсьць выпадкі, калі жанчыны ў калёніі дрыжаць над сваімі дзецьмі, а потым выходзяць і могуць прапіць усе дзіцячыя рэчы. Бо калі маці зь дзіцем вызваляюць з калёніі, то забясьпечваюць дзіця і вазком, і адзеньнем, і харчаваньнем на першыя тыдні. Бываюць такія маці, якія адразу прапіваюць гэта. Калі я шчыльна займалася гэтымі пытаньнямі, было два выпадкі, калі маці выйшлі на волю і кінулі сваіх дзетак дзесьці на вакзале. Аднак у асноўным, падкрэсьліваю гэтае слова, маці вельмі любяць сваіх дзетак. Дзіця вельмі стымулюе на тое, каб стаць адказнай за яго лёс, бо іншага добрага, як гэтае малое, у іх няма».
Аднак вернемся да дасьледаваньняў мэдычных псыхолягаў з Маскоўскага навуковага цэнтру псыхічнага здароўя, якія праводзіліся ва ўстановах расейскай пэнітэнцыярнай сыстэмы.
Паводле іхніх высноваў, пасьля двух-трох гадоў зьняволеньня ў многіх жанчын, у тым ліку жанчын-маці, у сьвядомасьці адбываюцца мэтамарфозы. Насуперак здароваму сэнсу і прыроджанай празе свабоды, адчуваньне пакараньня зьнікае, блякне — і турма ўжо здаецца домам, адзіна прымальным для існаваньня, зь якога страшна дый няма патрэбы выходзіць у сьвет, дзе цябе ніхто не чакае. Нехта, усьвядоміўшы гэта, зьміраецца і пачынае ўкараняцца ў звыклы выродлівы асяродак, хітруе, прыстасоўваецца, нехта ўпадае ў тугу, абыякавасьць, адчай, злосьць на ўсё і ўсіх ...