Памёр Уладзімер Стальмашонак

Раніцай 7 чэрвеня ў Менску на 86-м годзе жыцьця пасьля цяжкай і працяглай хваробы памёр народны мастак Беларусі Ўладзімер Стальмашонак.
Намесьнік старшыні Саюзу мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца назваў Уладзімера Стальмашонка вельмі значным мастаком у кантэксьце беларускага мастацтва:

«У 60–70-я гады ён выявіў сябе як мастак-наватар, які ўпэўнена прасоўваў у выяўленчае мастацтва новую плястычную мову з арыентацыяй на авангардныя моманты 20-х гадоў. Ён пакінуў некалькі абсалютна знакавых твораў, якія застануцца ў кантэксьце нацыянальнай культуры. Гэта найперш знакамітыя партрэты Якуба Коласа і Рыгора Шырмы, шэраг станковых карцін. У 90-я гады ён пісаў карціны, прысьвечаныя вялікім князям ВКЛ, — гэта тое, што робіць гонар нашаму мастацтву. Гэта быў сапраўды нацыянальны мастак, знакавая асоба».

Мастак таксама стварыў партрэты Францыска Скарыны, Кірылы Тураўскага, Пятра Мсьціслаўца, Эўфрасіньні Полацкай, прадстаўнікоў роду Радзівілаў.

У палітычныя партыі і рухі Ўладзімер Стальмашонак апошнім часам ангажаваны ня быў. У часы перабудовы ён быў народным дэпутатам СССР і галасаваў за дэмакратычныя зьмены ў краіне. Шмат гадоў Стальмашонак выкладаў у Акадэміі мастацтваў.

Пахаваньне народнага мастака Ўладзімера Стальмашонка арганізоўваюць Саюз мастакоў Беларусі, Міністэрства культуры Беларусі і Менскі гарвыканкам. Месца пахаваньня ўжо вызначанае — Усходнія могілкі Менску, час яшчэ не прызначаны.

Уладзімер Стальмашонак. Славутасьці Беларусі. Вялікія князі літоўскія. 1993