Крычаў: ПМК судзіцца зь незалежнай газэтай

Сяргей Няроўны

5 чэрвеня Крычаўскі раённы суд пачаў разгляд пазову Чэрыкаўскай перасоўна-мэханізаванай калёны супраць незалежнага выданьня з Крычава «Вольны горад».
Кіраўніцтва ПМК вінаваціць газэту ў распаўсюдзе непраўдзівых зьвестак, якія нібыта дыскрэдытуюць прадпрыемства і мясцовую вэртыкаль улады. Журналісты заяўляюць, што прэтэнзіі пазоўнікаў не аргумэнтаваныя і палітычна матываваныя.

Нагодай для суду сталася публікацыя пад назвай «Прыгонныя» ў лютаўскім нумары газэты — пра аплату працы ў ПМК. У невялікім артыкуле гаварылася, што работнікі прадпрыемства не атрымліваюць у час заробкі. Кіраўніцтва прадпрыемства ўгледзела ў публікацыі тое, што яна перасьледавала адзіную мэту — дыскрэдытаваць кіраўніцтва ПМК і раённую вэртыкаль улады. Спачатку, як стала вядома сёньня на судзе, адміністрацыя прадпрыемства зьвярнулася ў крычаўскую міліцыю, каб супраць журналістаў завялі крымінальную справу. У гэтым заяўнікам было адмоўлена. Тады пазоў быў пададзены ў суд. ПМК патрабуе прызнаць зьвесткі непраўдзівымі і надрукаваць у газэце абвяржэньне.

Рэдактар незалежнага выданьня Сяргей Няроўны і ягоны выдавец Уладзімер Кудраўцаў пазоў ПМК назвалі неаргумэнтаваным. У пераліку прычынаў называліся фармальныя падставы (юрыдычныя хібы ў складаньні пазову), а таксама тое, што пазоўнік сказіў сутнасьць артыкула. Паводле Сяргея Няроўнага, у публікацыі няма сьцьверджаньня, што заробкі не выплачваліся ў ПМК, а толькі пераказвалася, што было паведамлена праз тэлефон аўтару артыкула. Акрамя таго, тлумачыў суду Няроўны, пазоўнік у сваіх прэтэнзіях не патлумачыў, якім чынам публікацыяй былі дыскрэдытаваныя кіраўніцтва ПМК і раённая вэртыкаль улады.

Судзьдзя Аляксандар Курылін прапанаваў бакам прымірыцца, аднак тыя не прыйшлі да паразуменьня. Начальнік ПМК Аляксей Фралоў, аргумэнтуючы сваю пазыцыю, заявіў, што пасьля публікацыі ўзьнікаюць складанасьці з падраднымі арганізацыямі. Паводле Фралова, гэтыя арганізацыі задаюць пытаньні, як зь імі будуць разьлічвацца, калі ПМК ня можа выплаціць у час заробкі сваім працаўнікам.

Сяргей Няроўны да суду заяўляў, што пазоў палітычна матываваны. Аргумэнтаваў гэта тым, што ў ім згадваецца чэрыкаўская раённая вэртыкаль улады, якую нібыта таксама, як і ПМК, дыскрэдытавалі. Пасьля сёньняшняга судовага пасяджэньня спадар Няроўны працягвае настойваць:

«Так, палітычна матываваны. Калі судзьдзя запытаў кіраўніка ПМК-280, чаму не ўрэгулявалі пытаньні з спрэчным артыкулам да суду, дык той ня ведаў, што адказаць. Для іх — толькі суд, толькі ў міліцыю. Яны баяцца лютасьці ідэалягічнага аддзелу выканкаму, які, як я лічу асабіста, замоўца гэтай справы».

Спадар Няроўны заяўляе, што рэдакцыя выданьня намагалася залагодзіць спрэчку з ПМК, але кіраўніцтва прадпрыемства адмовілася ісьці на кантакт.

Пачуць меркаваньне самога Аляксея Фралова адносна закіду Няроўнага, што прэтэнзіі ПМК палітычна матываваныя, па заканчэньні сёньняшняга судовага паседжаньня не ўдалося. Ён адмовіўся гаварыць з журналістам і адразу пасьля суду зьехаў.

Сёньня суд высьветліў пазыцыі бакоў. Сяргей Няроўны азнаёміўся зь фінансавымі дакумэнтамі, якія прадставіў суду пазоўнік. 14 чэрвеня суд працягне разгляд грамадзянскай справы.